ТОП значных падзей 2016 года для Касцёла ў Беларусі

  1. Сустрэча Папы Францішка з Патрыярхам Кірылам

12 лютага на Кубе прайшла гістарычная сустрэча Папы Рымскага Францішка з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам.

Пасля яе больш верагодным стаў візіт Папы Рымскага ў Беларусь. Падпісаўшыся пад словамі, што “католікі і праваслаўныя пакліканыя па-братэрску супрацоўнічаць для абвяшчэння Евангелля збаўлення”, вызнаўшы за Каталіцкім Касцёлам права “рабіць усё неабходнае для задавальнення духоўных патрэбаў сваіх вернікаў”, лагічна чакаць, што Патрыярх Кірыл пагодзіцца на візіт Святога Айца ў нашую краіну.

        2. 5-ці гадовы юбілей “Каталіцкага Весніка”

5 красавіка “Каталіцкі Веснік” адзначыў свой 5-ці гадовы юбілей.

Рэдакцыя “КВ” хоча падзякаваць усім святарам, якія на працягу гэтага перыяду, нягледзячы на душпастырскія абавязкі, знаходзілі час, каб падзяліцца Божым словам праз перыядычны друк. Дзякуем таксма ўсім чытачам за падпіску і падтрымку малітвай, а таксама ахвяраваннямі.

        3.     Прызначэнне Папам новага Нунцыя ў Беларусі

13 мая Папа Францішак прызначыў новым Апостальскім Нунцыем у Беларусі мансеньёра Габара Пінтэра. 18 жніўня дыпламатычны прадстаўнік Святога Айца прыбыў у нашу краіну.

Даведка: Нарадзіўся Апостальскі Нунцый ў венгерскім Куншэнтмартон 9 сакавіка 1964 года. Атрымаў святарскае пасвячэнне 11 чэрвеня 1988 года. Пачаў службу ў ватыканскай дыпламатыі 1 ліпеня 1996 года і працаваў у дыппрадстаўніцтвах Святога Пасаду на Гаіці, у Балівіі, Швецыі, Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі.

  1. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Папам

21 мая Святы Айцец Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі ў Апостальскім палацы ў Ватыкане Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пасля сустрэчы з Пантыфікам адбылася размова Аляксандра Лукашэнкі з Дзяржсакратаром Яго Святасці, кардыналам Пьетра Паралінам.

Было выказана  задавальненне добрым станам двухбаковых адносін і падкрэслена важная роля Мінска, які стаў месцам для перамоў, накіраваных на пошук рашэнняў для міру.

  1. 25-гадовы юбілей утварэння Гродзенскай дыяцэзіі

У гэты годзе Гродзенская дыяцэзія адзначыла свой юбілей – 25 гадоў існавання.  З гэтай нагоды ў Гродне з 24 па 26 мая праходзіў Нацыянальным эўхарыстычны кангрэс.

У ім удзельнічалі шматлікія святары, манахіні, свецкія вернікі, усе біскупы Беларусі, духоўныя асобы з суседніх краін. Ганаровым госцем быў папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі, прэфект на пенсіі Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі.

Падчас правядзення кангрэсу прысутныя дзякавалі Богу за 25-годдзе існавання Годзенскай дыяцэзіі і за дар адраджэння жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

  1. 25-годдзе заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі

Святкаванне 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі адбылося 1-2 ліпеня ў Будслаўскім санктуарыі.

Важнай падзеяй стала прысутнасць у Будславе арцыбіскупа Вены кардынала Крыстафа Шонбарна, якога Папа Францішак прызначыў на святкаванне 25-годдзя заснавання Мінска- Магілёўскай мітраполіі. Папскі пасланнік удзельнічаў у начной Эўхарыстыі, а таксама ўзначаліў галоўную Імшу 2 ліпеня, на якой звярнуўся з прамовай да беларускіх вернікаў. У Будславе ён перадаў беларускім грэка-католікам рэліквію святога Язафата Кунцэвіча. Святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі атрымалі з рук папскага пасланніка ганаровыя граматы за ўклад у станаўленне і развіццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

  1. 420-ыя ўгодкі абвяшчэння Брэсцкай Уніі

У кастрычніку 1596 на Саборы ў Брэсце была створана Грэка-каталіцкая (Уніяцкая) Царква. Урачыстасці ў 420-ыя ўгодкі Уніі прайшлі па ўсёй краіне, у Брэсце з гэтай нагоды асвяцілі новы крыж на капліцы.

З нагоды падпісання Брэсцкай уніі Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр скіраваў пасланне да грэка-каталіцкіх вернікаў, у якім заклікаў да малітвы аб будаванні еднасці паміж хрысціянамі.

  1. Завяршэнне Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці

13 лістапада, з нагоды завяршэння Юбілейнага Года Міласэрнасці, у катэдрах Беларусі і ва ўсіх юбілейных святынях адбылося сімвалічнае закрыццё Святых Дзвярэй.

Праходзячы праз Святыя Дзвяры, якія на працягу Юбілейнага Года з’яўляліся Брамамі Міласэрнасці, вернікі мелі магчымасць атрымаць адпуст.

Гэты Год Міласэрнасці стаў цудоўнай магчымасцю паглыблення веры.

для друку для друку