Толькі Езус можа ўчыніць нашыя сэрцы чыстымі

Шмат рэчаў, ад якіх мы сёння пакутуем,
не здарылася б ніколі,
калі б мы мелі адвагу больш слухаць Бога, чым людзей,
і цалкам Яму даверыцца.

Св. Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа
(Эдыта Штайн)

Калі хочаш, можаш мяне ачысціць, — гаворыць пракажоны, якога мучыць цяжкая хвароба (гл. Мк 1,40). Аднак жа пры сустрэчы з Езусам ён поўны надзеі. Езус працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў — хачу, будзь ачышчаны. Мы чуем вельмі просты, але такі глыбокі дыялог чалавека са сваім боскім Лекарам. Так, Хрыстус з’яўляецца лекарам: лекарам чалавечых душаў, але Ён таксама лечыць, аздараўляе і целы. Ён, як сапраўдны Бог і Чалавек, дбае пра здароўе ўсяго чалавека. Езус не толькі хоча, каб пракажоны ачысціўся, але мае моц гэта ўчыніць.

Варта, аднак, звярнуць увагу на паставу чалавека, хворага на праказу. Колькі ж ён павінен быў мець даверу і самаадрачэння, каб наблізіцца да Езуса, каб сустрэцца з Ім і прасіць аб цудзе аздараўлення. Старазапаветнае права не дапускала кантактаў пракажоных са здаровымі людзьмі перадусім па той прычыне, што гэта заразная хвароба. Менавіта таму пракажоныя павінны былі жыць па-за горадам ці вёскаю, асобна ад іншых, і здалёку крычаць, што яны нячыстыя, каб папярэдзіць праходзячых людзей. Таго, хто не захоўваў гэтае правіла, маглі нават пакараць смерцю праз укаменаванне. Пракажоныя пераадольвалі супраціў людзей, бо хацелі наблізіцца да Хрыста.

Добра, калі мы памятаем пра гэта ў нашым жыцці ў моманты дыялогу аздараўлення праз малітву і святую споведзь. Мы хочам вылечвацца ад хваробы праказы, якою з’яўляецца грэх. Грэх, падобна праказе, раней ці пазней ахоплівае ўсяго чалавека. Як праказа нішчыць знешняе аблічча чалавека так, што яго нельга нават пазнаць, так і грэх нішчыць у нас вобраз Божы. Грэх, як і праказа, заразны, бо атручвае жыццё не толькі таго, хто грашыць, але і жыццё супольнасці, у якой ён жыве. Ад нас патрабуецца моцная вера ў Езуса і жаданне прыпасці да Ягоных ног з просьбаю аб прабачэнні. Гэта праяўляецца ў малітве, якая праз пакаянне вядзе да споведзі.

Вельмі часта людзі па розных прычынах не набліжаюцца да трону Божай міласэрнасці праз сакрамэнт пакаяння і паяднання. Прапаную звярнуць увагу на дзве ўмовы, якія ўзаемна дапаўняюцца.

Першаю умоваю з’яўляецца распазнанне сваёй хваробы.

Пакуль чалавек не ведае, што ён хворы, ён не будзе шукаць лекара. У адрозненне ад праказы, грэх нішчыць чалавека спачатку непрыкметна, што сёння яшчэ больш умацоўваецца «модаю» на адсутнасць пачуцця граху. Калі чалавек не адчувае граху, то, вядома, не шукае і Бога. Сёння шмат людзей, якія кажуць: «Я не малюся, не хаджу на святую Імшу, не хаджу да споведзі, бо не маю грахоў — нікога не забіў, нічога не ўкраў, якія ж у мяне грахі? Але я веру ў Бога ў душы…» Апостал Павел вельмі канкрэтна дае зразумець, што вера без учынкаў мёртвая. Так і хочацца параіць такім людзям: тады любі жонку, мужа ў душы, у душы здабывай ежу, матэрыяльныя сродкі, у душы выхоўвай дзяцей і г.д. Гэта толькі апраўданне духоўнай ляноты, абыякавасці і маладушнасці, якія блакуюць шлях да збаўлення, забіваюць у нас звышнатуральнае жыццё і крадуць Божую ласку.

Другая ўмова цесна звязана з першаю, бо, каб прыпасці да ног Езуса, прасіць аб ачышчэнні і верыць у Ягоную моц адпушчэння грахоў, трэба давяраць Божай міласэрнасці.

Трэба верыць, што Божая любоў большая за нашыя грахі. Толькі той, хто верыць у адпушчэнне грахоў, не будзе іх утойваць, не будзе рабіць выгляд, што іх не было.

Хрысціянская малітва, калі яна на самай справе з’яўляецца сяброўскаю размоваю з Богам, заахвочвае нас прыпадобніцца да Бога, да аднаўлення ў нас Божага вобразу, знявечанага першародным грахом. Малітва вядзе да распазнання грахоўнай «праказы» і да вылечвання яе праз пакаянне і паяднанне з Богам і Касцёлам. Важнаю з’яўляецца і падрыхтоўка да сакрамэнту споведзі і наша асабістае стаўленне да барацьбы з грахом. Калі мы хочам перамагчы грэх, неабходна вучыцца шчырым рахункам сумлення. Варта практыкаваць іх падчас штодзённай вячэрняй малітвы, бо тады мы зможам не толькі пералічваць нашыя грахі, але таксама бачыць іх крыніцу, схаваную ў нашым стаўленні да жыцця.

Такім чынам, неабходна цярпліва слухаць Езуса, не бунтавацца супраць Яго, але прасіць з вераю і надзеяй. Неабходна мець трывалую веру або, прынамсі, прагненне веры ў тое, што толькі Ён можа ўсё аздаравіць, а таксама мець пашану да Ягонай волі, памятаючы просьбу пракажонага: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць». Трэба праслаўляць Яго, а не толькі прасіць і перапрашаць, асабліва падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Малітва праслаўлення дае нам сапраўдную свабоду ад граху і рэальныя перспектывы на збаўленне.

а. Юрый Кулай OCD, ave-maria.by

для друку для друку