- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Святары вызвалены ў Баранавічах

[1]

А. Аляксандр Фядотаў і а. Эдуард Сінкевіч

Айцец Эдуард Сінкевіч (вікарый у Паставах) атрымаў 10 дзён арышту, айцец Аляксандр Фядотаў (вікарый у Гродне) – 8 дзён. Яны знаходзяцца ў Баранавічах. Пра гэта «Белсату [2]» распавёў брат айца Эдуарда – Валянцін Сінкевіч.

Святароў трымалі ў ізалятары часовага ўтрымання, там жа на месцы і судзілі, уключыўшы «судовы канвеер» з-за вялікай колькасці схопленых. У пятніцу 14 жніўня ксяндзоў перавялі ў следчы ізалятар. Пра гэта Валянціну Сінкевічу паведаміў ягоны знаёмы, які сядзеў са святарамі і якога нядаўна выпусцілі.

Паводле яго, міліцыя і суд, найверагодней ведаюць, што зняволілі менавіта ксяндзоў: «Яны былі ў свецкім адзенні. Мой брат – вельмі сумленны і добры чалавек. Ён ніколі б не выкарыстаў тое, што ён святар, каб аблегчыць сабе становішча. Але думаю, усе і так ведаюць, хто ён. Ніяк не магу зразумець, чаму іх увогуле затрымалі? Няўжо святары, зброя якіх – малітва, маглі ўяўляць нейкую небяспеку?»

«Знаёмы выйшаў у вельмі прыгнечаным стане. Расказаў, што Эдуарда і Аляксандра не білі, але ўвесь час ціснулі псіхалагічна, вадзілі на бясконцыя допыты. Цяпер міліцыя баіцца выходных, што людзі зноў выйдуць, і вызваляе ізалятар часовага ўтрымання пад іх. Знаёмец казаў, што ў часовым акурат не б’юць. Страшна здзекуюцца затое ў следчым. Прадавачка, якая працуе ў краме каля ізалятары, казала, што хоча звольніцца. Не можа вытрымаць крыкаў, стогнаў і енкаў з-за сценаў ізалятару», – распавёў Валянцін Сінкевіч.

16 жніўня айцоў сэрцанаў вызвалілі са следчага ізалятара ў Баранавічах, дзе яны прабывалі з 9 жніўня.