#Танцуй для Яго: моладзь славіла Бога танцам у Мёрах

27 і 28 ліпеня ў Мёрскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча адбылася незвычайная танцавальная сустрэча. Напрацягу двух дзён маладыя вернікі даведваліся пра сутнасць танца ў Бібліі, пазнавалі інтэграцыйныя танцы і вучыліся прысвячаць Богу ўсе свае заняткі, у тым ліку і захапленне танцам.

У Браславе ўжо двойчы праходзілі «Dance party» для моладзі з розных парафій, якая жадае праявіць свой талент у танцы. Сустрэча ж у Мёрах была двухдзённай і ўключала ў праграму малітву і набажэнствы, канферэнцыі ад святароў, заняткі і танцавальныя гульні, а таксама завяршылася канцэртам з выкананнем загаддзя падрыхтаваных танцаў ад удзельнікаў з розных парафій.

«Праграма была вельмі насычанай. Двухдзённы фармат дазволіў больш часу прысвяціць евангелізацыйнаму аспекту: канферэнцыі, працы ў групах, святая Імша, ‒ дзеліцца з намі ўражаннямі Ян Бука. ‒ У адрозненне ад нашага мерапрыемства тут мы разам развучвалі танцы, без правядзення конкурсу».

На заключным канцэрце моладзь Браслаўскай парафіі прадставіла свой танец-флэшмоб.

«Мы хацелі падзяліцца з іншымі сваім бачаннем танцу ў стылі хіп-хоп. Такія танцы патрабуюць шмат часу на падрыхтоўку, а таму вельмі з’ядноўваюць калектыў», ‒ патлумачыў Ян.

Дадзеная танцавальная сустрэча стала добрым правядзення часу падчас летніх канікулаў. Моладзь нашай парафіі не толькі праявіла свае таленты, але і паглыбіла духоўнасць, зрабіўшы чарговы крок у пошуку сябе і Бога.

Святлана Жылевіч, waladarka.by
Фота з суполкі ў ВК>>

для друку для друку