Сёстры з Калумбіі здзяйсняюць евангелізацыю праз СМІ (+відэа)

У Калумбіі працуе незвычайная супольнасць сясцёр «The Eucharistic Communicators of the Heavenly Father». Гэта хіба самыя радасныя сёстры! Яны рэалізоўваюць сваю харызму апостальства праз СМІ, паведамляе deon.pl.

Супольнасць «The Eucharistic Communicators of the Heavenly Father» паўстала ў 2004 годзе з аб’яднання двух пустэльніцкіх манаскіх законаў. Сёстры працуюць у архідыяцэзіі Калі, у паўднёва-заходняй Калумбіі.

Сястра Марыя Вікторыя ад Езуса ў інтэрв’ю CNN распавядае: «На колькі гэта магчыма, наша місія здзяйсняць евангелізацыю праз СМІ. Хочам такім чынам перадаваць любоў Бога Айца».

Папулярнасць сясцёр расце з кожным днём. Вынікам іх дзейнасці з’яўляецца апошні іспанамоўны альбом «Yo le Canto», а таксама вялікая колькасць відэа, якое ёсць у інтэрнэце.

Сястра Марыя з Назарэта, якая з’яўляецца заснавальніцай супольнасці, распавядае, што пэўным натхненнем для яе былі словы папы Паўла VI, які шкадаваў, што тэлебачанне не выкарыстоўваецца для евангелізацыі. Заахвочаныя прыкладам св. Яна Паўла ІІ, сёстры вырашылі ўзяць справу ў свае рукі і вырушыць у свет СМІ з Евангеллем.

Тры гады таму яны выдалі свой першы дыск. У мінулым годзе распачалі стварэнне ўласных відэакліпаў, а сёння ўдзельнічаюць ва ўсіх магчымых грамадскіх СМІ, на радыё і тэлебачанні.

З самага пачатку сёстры хацелі рэалізоўваць сябе музычна ў супольнасці. Гэта павінен быў быць гурт, звязаны з душпастырствам, якім кіруюць сёстры. Але з цягам часу высветлілася, што ёсць у супольнасці і свае таленты.

«Тое, што мы робім паходзіць з нашых абяцанняў і нашага жыцця. Найперш мы даем сведчанне жыцця, каб пазней маглі сведчыць таксама іншымі сродкамі», — кажа сястра Марыя з Назарэта.

Стыль і тэксты з’яўляюцца працай саміх сясцёр. «Мы вучымся, развіваемся, хочам быць больш прафесійнымі, каб тое, што даём людзям, было высокага ўзроўню і мела вартасць», — дадае сястра Марыя.

для друку для друку