Сястра Паўла Волчак адзначыла 25-годдзе манаскага жыцця ў Шчучыне

25l (110)17 студзеня ў Шчучыне адбылася юбілейная ўрачыстасць 25-годдзя манаскага жыцця сястры Паўлы Волчак.

Святую Імшу ўзначаліў кс. Мікалай Ціхановіч, які служыць у Глыбокім. Сама сястра паходзіць са Шчучына, а цяпер працуе ў Аўстраліі.

У часе Імшы сястра Паўла дала сведчанне свайго манаскага жыцця і распавяла, як выглядала яе ўласная дарога да Бога.

Таксама законніца звярнулася да моладзі, прысутнай на  Імшы, кажучы пра тое, што калі яны пачуюць «голас» паклікання, каб не баяліся выбраць манаскі стыль жыцця. А бацькоў папрасіла, каб падтрымалі ў гэтую хвіліну сваіх дзяцей і не баяліся аддаць іх на прыгожую службу Богу.

Пасля Камуніі сястра Паўла ў прысутнасці ўсіх вернікаў аднавіла свае манаскія абяцанні, а на заканчэнне ўрачыстасці яна скіравала словы падзякі — найперш Богу, сям’і, святарам і манахіням, а таксама падзякавала ўсім прысутным за малітву ў яе інтэнцыі.

У юбілейных урачыстасцях прынялі ўдзел: айцец Вітальд Пяцельчыц SP, пробашч парафіі ў Шчучыне, а. Віктар Бурлака OFM, пробашч парафіі ў Будславе, якія канцэлебравалі святую Імшу, а таксама самыя блізкія родзічы і сёстры назарэтанкі на чале з правінцыяльнай сястрой.

За некалькі дзён да гэтага ў шчучынскім кляштары прайшла сустрэча моладзі з с. Паўлай. Ужо некалькі гадоў манахіня працуе ў Аўстраліі. Таму, выкарыстоўваючы летні адпачынак, бо ў Аўстраліі зараз лета, сястра прыляцела ў Беларусь. Падчас сустрэчы яна распавяла пра штодзённае жыццё звычайных аусталійцаў, падзяліўшыся ўражаннямі аб іх культурных і рэлігійных асаблівасцях. Тыя, хто зацікавіўся тэмай, маглі даведацца пра розныя выпадкі, звязаныя з традыцыямі кантынента, а таксама ўбачыць, як гэта выглядае на падрыхтаваных сястрой здымках.

А. Віталій Слука SP, тэкст і фота

для друку для друку