Сястра Люцына Вонс: “Камп’ютар дзяцей не прытуліць…”

Падчас летніх канікул пытанне дзіцячага адпачынку стаіць вельмі востра. Асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе ў адрозненні ад горада няма багатага “асартыменту” культурных і выхаваўчых мерапрыемстваў. Як жа арганізаваць вольны час дзетак найперш з карысцю для душы, а не для цела? Як “выцягнуць” са свету віртуальнага ў свет рэальны, дзе яшчэ, на шчасце, не забыліся, што такое шчырасць чалавечых адносін і дабрыня адкрытых сэрцаў?

Адказы на гэтыя пытанні ведае сястра Люцына Вонс з парафіі св. Андрэя Апостала ў Лынтупах. Вось ужо чатыры гады яна займаецца з мясцовымі школьнікамі ў прыкасцёльным араторыі і ў любы час — будзь то канікулы або разгар навучальнага года — шмат клапоціцца пра іх духоўнае выхаванне.

Пра сястру Люцыну мне неаднойчы расказвалі ўдзячныя ёй бацькі. Напрыканцы мая выпала выдатная нагода пазнаёміцца асабіста: пасля нядзельнай Імшы ля араторыя масава і весела святкавалі Міжнародны дзень дзіцяці. Мерапрыемства, арганізаванае с. Люцынай і валанцёрамі, сабрала больш за сотню хлопчыкаў і дзяўчынак самага рознага ўзросту з Лынтуп і вёскі Палесся. Тэатральнае прадстаўленне, конкурс малюнкаў, уручэнне грамат і падарункаў, рухомыя гульні на свежым паветры, салодкі стол — ці трэба гаварыць, колькі пазітыву ўсё гэта выклікала ва ўдзельнікаў?

Да свята рыхтаваліся больш за месяц. Адчувалася, колькі ў яго ўкладзена часу і душы. Па-іншаму сястра Люцына не ўмее. Любую справу робіць на сумленне. А іх так шмат!

Араторый Св. Маці Тэрэзы з Калькульты (менавіта так гучыць яго поўная назва) уяўляе сабой двухпавярховы будынак, у якім ёсць усё неабходнае для заняткаў. Раней вельмі актыўную і плённую працу з дзецьмі тут праводзіла сястра Ева Бялецка.

 

Сёння араторый працуе пяць дзён на тыдзень па тры гадзіны. Тут дзейнічаюць шэраг гурткоў: тэатральны, танцавальны, кулінарны, музычны (гульня на гітары), вязальны, мастацкі ды іншыя. Ёсць такія гульні, як настольныя тэніс, футбол, хакей, більярд, спартыўная сцяна і іншыя, а таксама абсталяваная камп’ютарная зала. Звычайна тут збіраецца каля двух-трох дзясяткаў школьнікаў ад 1 да 11 класа любога веравызнання. Па серадах да лынтупчан далучаюцца маленькія жыхары суседняй вёскі Палессе. Праходзяць тут і парафіяльныя сустрэчы дарослых вернікаў — дзейнічаюць суполкі “Новы вобраз парафіі”, “Біблійнае кола” і іншыя.

Каб уявіць, чым жыве араторый, дастаткова глянуць у фотаальбом — своеасаблівы дзённік, які вядзецца з 2014 года. У ім — дзясяткі здымкаў з подпісамі. Учытваюся.

“Дзякуючы арганізацыі “Карытас”, цэлы аўтобус дзяцей паехаў у Мінск. Дзеці пабывалі ў цырку. Усю дарогу сястра Люцына іграла і спявала з дзецьмі. Радасці дабавіў пікнік на свежым паветры”.

“Дзеці паехалі на школьным аўтобусе ў Паставы, каб прыняць удзел у конкурсе каляднай песні. С. Люцына падрыхтавала да ўдзелу ў конкурсе трох дзяўчынак. Агнеша заняла другое месца, а Маргарыта з Каралінай трэцяе”.

У араторыі адбыліся рэкалекцыі. Канферэнцыя кс. Паўла, прэзентацыя, праца ў групах і Крыжовы шлях былі найважнейшымі момантамі разважанняў сустрэчы з Богам. Усё падрыхтавала с. Люцына”.

Што ні старонка — то маленькая гісторыя. Сумесны ружанец, дзяленне аплаткай, велікодныя спатканні ў школе, рэкалекцыі, дзіцячы лагер, адпачынак у Польшчы, конкурс нацыянальных батлеек, дыяцэзіяльныя дні моладзі і парафіяды, фэсты, тэатральныя і танцавальныя выступленні ў мясцовых Доме культуры, школе і дзіцячым садку, самыя розныя мерапрыемствы ў лынтупскім “доме старцаў” (так называюць мясцовае аддзяленне кругласутачнага знаходжання пажылых грамадзян)… І гэта толькі частка таго, што можна ўбачыць на здымках.

Гартаючы альбом, расказваючы пра кожнае мерапрыемства, сястра ўсміхаецца з уласцівай толькі дзецям шчырасцю, адкрытасцю, непасрэднасцю. Прызнаецца: у аўдыторыі, з якой даводзіцца працаваць, з часам толькі маладзее.

Люцыне 40. Яна нарадзілася ў старажытным Кракаве ў моцна веруючай сям’і.

— Мае бацькі заўсёды былі прыкладам таго, як трэба адносіцца да жыцця і Бога, — расказвала сястра. — Аднак ні мяне, ні двух маіх братоў у касцёл хадзіць ніколі не прымушалі. Мы самі туды імкнуліся, шмат часу праводзілі ў суполках, на рэкалекцыях, многа вандравалі на канікулах. У маім доме заўсёды былі адчынены дзверы для сяброў: і дзяўчат, і хлопцаў. Таму для родных маё рашэнне пайсці ў манастыр, думаю, было шокам і прыняць яго было няпроста. Аднак ніхто не адгаворваў, не казаў: нельга, не ідзі, што ты робіш. Найперш пужала невядомасць: як гэта будзе? У маёй сям’і ніколі не было манахіні ці святара. Безумоўна, мая мама перажывала, што я не змагу рэалізаваць сябе як маці, жонка. Дарэчы, праз 7 гадоў пасля мяне мой родны брат Кшыштаф стаў ксяндзом.

Сястра Люцына ўспамінала, што першыя думкі пра манастыр узніклі яшчэ ў дзяцінстве.

— Я захаплялася манахіняй, якая вучыла ў мяне Катэхізіс, яе дабрынёй і міласэрнасцю — працягвала мая суразмоўца. — Зразумела: і я так хачу. Нікому не гаварыла, нават сабе ў гэтым было складана прызнацца. З часам жаданне нарастала. Калі на вуліцы сустракала манахіню, маё сэрца пачынала калацілася з неймавернай хуткасцю. Калі ішла ў касцёл і там маліліся пра пакліканне да Божай службы, была ўпэўнена: гэта да мяне. Канчатковы выбар зрабіла пасля заканчэння школы. Мне было 21 год. Моцна малілася, каб Усявышні адкрыў мне сэрца, падрыхтаваў. Ведала, што калі буду жыць паводле Божых думак, то буду шчаслівая. І калі прыняла канчатковае рашэнне, наступіў момант супакою, гармоніі. Адчула, што ўжо ніколі не буду адна. Толькі разам з Хрыстом.

Родным для Люцыны стаў манастыр сясцёр Служабнічак Багародзіцы Дзевы Марыі, дом генеральны якога знаходзіцца ў Дэмбіцы і які мае больш за 90 месцаў служэння ў свеце. 6 гадоў завочна вучылася ў Кракаўскай вышэйшай педагагічна-філасофскай школе Ignacianum. Працавала ў дзіцячых садках, як настаўнік у школе выкладала Катэхізіс.

Бог так кіраваў, што вакол сястры часта з’яўляліся людзі з Беларусі, успамінае сястра. Яна сама напісала просьбу  маці генеральнай пры магчымасці накіраваць на работу ў нашу краіну. Чакаць давялося 7 гадоў. У Лынтупы прыехала ў 2014-ым і ўсім сэрцам прыкіпела да гэтай мясцовасці.

С. Люцына пераканана, што праца з дзецьмі самая цікавая, але і самая адказная.

— Іх сэрцы адкрытыя і да болю шчырыя, — гаварыла сястра. — Яны ўбіраюць усё, як губкі. Менавіта ў дзяцінстве фарміруюцца як асобы. Трэба вельмі шмат цярпення і ўнутраных сіл, каб здолець накіраваць іх на шлях веры, дабрыні, міласэрнасці. Асабліва калі ў сям’і ёсць вялікія праблемы і прыкладу браць няма з каго. Вельмі важна ў максімальнай ступені кампенсаваць тое, што не далі бацькі. Калі дзіця адчувае клопат, бачыць, што яго любяць, што ён патрэбны, ён абавязкова пераменіць свае погляды на многія рэчы.

Сястра Люцына разам з сястрой Разаннай, якая таксама служыць у парафіі, шмат дапамагаюць хворым, дзецям-інвалідам, пажылым людзям. Амаль усе падрыхтаваныя творчыя нумары дзеці паказваюць у “Доме старцаў”.

-У апошні раз масава былі там на Вялікдзень, — расказвала с. Люцына. — Пагулялі з фарбаванымі яйкамі, зладзілі іншыя забавы. Спачатку пастаяльцы паставіліся да нас крыху насцярожана, а потым адкрыліся. Іх твары ажно прасвятлелі. Адзін мужчына напрыканцы падышоў і сказаў: “Сястра, я не памятаю, але я упэўнены, што рабіў гэта ў дзяцінстве. Вы так узрадавалі маё сэрца…” Такая шчырая ўдзячнасць вельмі натхняе і мяне, і дзяцей. Для іх гэта важна — адчуваць, што яны стараюцца недарма.

Наступнай тэмай размовы сталі сучасныя праблемы адносін бацькоў і дзяцей.

— Бяда сённяшняга дня — бясстрэсавае выхаванне, калі ўсё для дзяцей, калі яны маюць мінімум абавязкаў і атрымліваюць максімум усяго гатовага. У дарослым жыцці ўсё так проста не даецца. Яшчэ адна праблема: у дзяцей “электронныя” галовы. Тэлефоны і камп’ютары не спрачаюся — патрэбны, але ў меру. Яны настолькі ўраслі ў іх жыццё, што становіцца страшна. Страшна, што дзеці не ўмеюць адзін з адным размаўляць, што яны часцей апусціўшы вочы пішуць нешта ў тэлефоне, чым усміхаюцца адзін аднаму. Мая галоўная задача, каб дзеці адчувалі радасць ад сустрэчы з сябрамі. Калі здарыцца бяда, калі ўзнікнуць праблемы, камп’ютар дзіця не прытуліць. Патрэбна слова, пяшчота. У любой сітуацыі для кожнага стараюся быць не толькі настаўнікам, але і сябрам.

Падчас размовы сястра неаднойчы падкрэслівала, што ў адзіночку дабіцца поспехаў немагчыма. Яна неймаверна ўдзячна за падтрымку ксяндзу Паўлу, Эльжбеце Хмылка, Міхаілу Вашкінелю, шматлікім валанцёрам з ліку мясцовых жыхароў, бацькам дзетак, якія наведваюць араторый.

… На летніх канікулах фотаальбом у араторыі абавязкова папоўніцца яркімі і эмацыйнымі здымкамі. З 25 па 30 чэрвеня арганізаваны парафіяльны лагер для дзяцей, у праграме якога — паездка ў Браслаў, конкурсы і гульні, сустрэчы з цікавымі творчымі людзьмі і, несумненна, Богам. У жніўні дзеткі паедуць на рэкалекцыі ў Шуміліна, а таксама на адпачынак у Польшчу.

Калі рыхтаваўся гэты артыкул, лынтупскую парафію наведаў біскуп Алег Буткевіч. Пасля Святой Імшы ён наведаў араторый і быў прыемна ўражаны ўбачаным. І сястра Люцына, і школьнікі, якія падрыхтавалі яркія творчыя нумары, былі вельмі ўзрушаны і ўзрадаваны сустрэчай з іерархам. Ён у сваю чаргу назваў араторый унікальнай з’явай ва ўсёй Віцебскай дыяцэзіі і  падзякаваў усім, хто клапоціцца пра духоўнае выхаванне мясцовых дзетак. У тым, што яно будзе працягвацца, можна не сумнявацца. 

Іна Сняжкова

для друку для друку