Сястра Антонія: “Я пайшла ў манахіні і ніколі пра гэта не пашкадавала”

Сястра Антонія Тарноўска ўжо больш за дзесяць гадоў працуе ў Беларусі. Амаль увесь час яна апякуецца старымі і хворымі людзьмі. У мінулым месяцы біскуп Алег Буткевіч асвяціў капліцу святога Яна Божага ў віцебскім Доме для састарэлых і інвалідаў. Сястра Антонія не толькі працуе тут з хворымі людзьмі, але шмат зрабіла для паўстання гэтага храма. “Каталіцкі Веснік” сустрэўся з сястрой Антоніяй падчас асвячэння капліцы, каб задаць ёй некалькі пытанняў.

Напачатку скажыце, як Вы патрапілі ў Беларусь?

– Я марыла паехаць працаваць на Усход, як толькі з’явілася такая магчымасць, калі ў дзевяностым годзе ад нас туды накіраваліся першыя сёстры. Я тады таксама напісала сваё першае пісьмо да нашага кіраўніцтва, выказала жаданне туды паехаць. Але не атрымлівалася. Працавала больш за сямнаццаць гадоў у такіх дамах, як гэты, з дзецьмі займалася. Я заўсёды адчувала патрэбы хворых.

І вось у 2006 годзе ў мяне нарэшце атрымалася патрапіць у Беларусь, і я ад самага пачатку сваёй працы стала сюды прыходзіць, у гэты Дом састарэлых і інвалідаў. Напачатку ў мяне ўзнікла моўная праблема: бабулі хацелі, каб я да іх прыходзіла, але яны не разумелі мяне, а я іх не разумела. Але мова любові ўніверсальная, і мы паступова сталі разумець адно аднаго. Мяне ніхто адмыслова мове не вучыў, жыццё само навучыла.

Я стала сюды прыходзіць у той час, калі ксёндз Алег Буткевіч, цяперашні біскуп, быў тады тут пробашчам. Мы з ім прыязджалі, маліліся, была Імша, і ружанец адмаўлялі, і споведзь была. Я рыхтавала тут людзей да прыняцця сакраманту хросту, да Першай Камуніі. Нават год таму тут пахрысцілі дзвюх жанчын, айцец Станіслаў Памыкала іх хрысціў. Таму для мяне гэта месца вельмі блізкае, як і ўсе такія дамы, што я адведваю.

Падобны дом я наведваю зараз у Рубе. Калі раней у Лынтупах працавала, то таксама наведвала такі дом. Самае галоўнае, каб чалавек, які ўжо блізка ад Бога, блізка ад смерці, ведаў, што яму рабіць, каб патрапіць у неба. Бо некаторыя людзі вераць з дзяцінства і ведаюць, што трэба рабіць, а некаторыя наогул нічога не ведаюць. І ім трэба растлумачыць, што Бог ёсць, што Ён нас любіць, што трэба каяцца перад Богам, дараваць іншым людзям іх правіны, калі яны некалі зрабілі нам нейкую крыўду. Я гэтым людзям заўсёды кажу: як гэта зробіце, то патрапіце ў неба.

Маліцеся сваімі словамі да Бога, даруйце іншым – і пойдзеце ў неба, там тады ўбачымся. Асабліва жанчынам заўсёды кажу, што як сустрэнемся ў небе, то ў іх там ужо не будзе зморшчын, бо для жанчын гэта вельмі важная рэч. Кажу ім, што будзем танцаваць у небе, бо там заўсёды радасць. І жанчыны тады пачынаюць усміхацца, і ў іх душах пасяляецца нейкая надзея.

У чым заключаецца Ваша праца ў гэтым доме-інтэрнаце?

– Я сюды прыязджаю два разы на тыдзень, адведваю ўсіх тых, хто лічыць сябе католікам і хто хоча маліцца з намі ў гэтай капліцы. Наведваю таксама і тых, хто не можа сам пайсці ў капліцу. Бывае, з кім сяджу і доўга, а бывае, заходжу хаця б на некалькі хвілін, каб прытуліць чалавека, па руцэ пагладзіць, сказаць яму, што Бог яго любіць. Каб ён не баяўся, каб ведаў, што неба адкрытае, і ён можа туды патрапіць.

Гэта важна для чалавека, на Вашу думку?

– Гэта вельмі важна, бо гэта апошні момант жыцця чалавека. І яго трэба да гэтага падрыхтаваць. У гэтым доме ёсць таксама і маладыя інваліды. Да іх стараюся давесці, каб яны шукалі сваё месца, што Бог іх таксама любіць. Ім варта адшукаць сэнс у гэтым жыцці, пачаць пісаць вершы ці займацца нейкім рамяством, каб не сядзець проста так. Бо старыя ўжо не могуць зрабіць шмат: пасядзяць на ложку, памоляцца, нешта зробяць каля свайго месца, і для іх гэта дастаткова. А маладыя людзі павінны нешта рабіць. Тут ёсць такія, што займаюцца мастацтвам або спортам, а ёсць і тыя, што сядзяць і не ведаюць, чым заняцца. Я ім заўсёды гавару, каб шукалі сваё месца ў жыцці, бо Бог іх не пакінуў. Трэба толькі знайсці сваю мэту, а не толькі сядзець, напрыклад, у інтэрнэце. Гэтага мала, трэба шукаць сваё месца ў грамадстве.

Шмат што ў капліцы зроблена дзякуючы таму, што Вы знайшлі на гэту справу спонсараў. Цяжка было іх знайсці?

– Ведаеце, для такой справы спонсараў знайсці не так цяжка. Бо я, калі наведвала Польшчу, прасіла ў парафіях, каб мне людзі ахвяравалі грошы, прасіла там і ў мясцовай улады, і людзі адгукаліся. У братоў-баніфратраў я папрасіла, каб яны ахвяравалі мне абраз святога Яна Божага для гэтай капліцы. Яго зрабіў айцец Міхал, дамініканін, што працаваў у парафіі святой Барбары. І таксама ён зрабіў праект вітражоў, што змешчаныя ў гэтай капліцы. Мне заставалася знайсці мастака, каб ён праект увасобіў у жыццё. І я яго таксама знайшла, як і грошы для аплаты працы.

Скажу так: калі чалавек ведае, што ты просіш у яго грошы не для сябе, не ў сваю кішэню, а для дабра іншых людзей, то ён іх заўсёды дасць.

Адразу ўдалося знайсці агульную мову з кіраўніцтвам гэтага дома?

– Я сюды першы раз прыйшла ў 1996 годзе. І раней сёстры прыходзілі, але не так часта. Я лічу, што ў мяне і па адукацыі, і па душэўным памкненні ёсць гэта харызма – дапамагаць хворым людзям.

Напачатку да мяне ставіліся па-рознаму, але калі ўбачылі, што людзі пасля маіх візітаў адчуваюць сябе лепш, яны становяцца больш спакойнымі, то сталі ўспрымаць мяне вельмі станоўча.

І калі я сюды зноў прыехала пасля трохгадовага перапынку, бо працавала ў гэты час у Лынтупах, то ўсе радаваліся: і хворыя, і персанал, і кіраўніцтва таксама.

Новы дырэктар гэтай установы Святлана Станіславаўна Саннікава мне вельмі дапамагла.

Звычайна людзі нешта робяць для сваёй карысці, для грошай, для славы. А Вы выбралі шлях служэння хворым, нямоглым людзям. Чым Вы кіраваліся ў гэты час?

– Гэта пакліканне ад Бога. Каб ісці ў кляштар, каб служыць людзям. Мяне ў дзяцінстве вучыла адна манахіня, вучыла маліцца, каб распазнаць сваё пакліканне. А я ў душы гаварыла, што не хачу быць манахіняй, хачу мець мужа, але ў той жа час хачу, каб было шмат пакліканняў.

Пасля школы я паступіла ў палітэхніку, але Бог у маёй душы паціху рабіў сваю справу. І наступіў той момант, калі я зразумела, што трэба ісці ў кляштар, што гэта маё месца. І я пакінула сваё ранейшае жыццё і пайшла ў манастыр, і ніколі пазней пра гэта не шкадавала. Вядома, гэта не значыць, што ў мяне не было нейкіх перажыванняў, крызісаў, але я заўсёды ведала, што я на сваім месцы ў жыцці. І большую частку свайго манаскага жыцця, а гэта ўжо больш за трыццаць сем гадоў, я працавала з хворымі.

Працавала і з дзецьмі ў дзіцячым садку, у школе, але ўсё ж больш з хворымі людзьмі. Гэта і ёсць маё пакліканне. Пра гэта ведае кіраўніцтва нашай манаскай супольнасці, таму мне і прапануюць такую працу.

Гутарыў Зміцер Лупач

для друку для друку