Сын Гродзенскай зямлі, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, узначаліў Імшу апоўначы ў Тракелях

piligrymyi_trakeli_nocz34Перад святой Імшой вернікі, якія прыбылі на ўрачыстасць у Тракелі, прайшлі ў працэсіі са свечкамі.

На пачатку св. Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч прывітаў духоўных асоб, пілігрымаў, прадстаўнікоў свецкіх улад , а таксама біскупаў, якія прыбылі на ўрачыстаць: біскупа Юзафа Станеўскага, біскупа Антонія Дзям’янку, біскупа Казіміра Велікасельца, новапасвечанага біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, які не адзін раз быў у Тракелях як святар і пілігрым, а зараз як біскуп упершыню ўзначальвае святую Імшу.

Біскуп Аляксандр, называючы сябе сынам Гродзенскай зямлі, падзякаваў Богу праз рукі Марыі за дары, якія атрымаў, а таксама прасіў блаславення для ўсіх прысутных вернікаў. Біскуп адзначыў, што беларускі народ, акрамя найлепшага імені Айца, ведае найлепшае імя Маці: Маці Божая Каралева сем’яў у Тракелях, Маці Божая Гродзенская, Гудагайская, Барунская.

Услед за Папам Францішкам малады біскуп адзначыў, што Касцёл святы, але складаецца з грэшнікаў, якімі з’яўляюцца вернікі, святары, біскупы. Каб не заставацца грэшнікамі і стаць на дарогу навяртання, біскуп прапанаваў захоўваць дзве цноты. Першая з іх – па дарозе да святасці, па прыкладу Марыі, згадзіцца з Божай воляй. Іерарх заклікаў адкрыць зараз актуальнасць Евангелля і зрабіць тое, што кажа Госпад, заклікаў быць католікам не толькі з назвы, але і з прыклада. Другая цнота, да якой заклікаў біскуп — гэта цнота пакоры: Марыя, не гледзячы на цяжкасці, была пакорнай і вернай да канца. І зараз Маці Божая не пакідае дзяцей і дапамагае ў навяртанні.

Біскуп Аляксандр аддаў у Тракелях прысутных, Беларусь і Касцёл пад апеку Маці Божай і святога Казіміра. Адразу пасля св. Імшы пачаўся ружанец.

Ірына Грэйць, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку