Святы Ян Божы

Святы з псіхдыспансера (1495-1550)

На яго пахаванне прышлі натоўпы ўдзячных людзей. Адны дзякавалі за гады стараннай апекі ў часе хваробы, іншыя – за апеку над іх роднымі, трэція – проста чулі пра гэтага святога чалавека. Святога, які ратаваў іншых з хваробы, прыніжэння, агню, вады, але не здолеў ўратаваць сваю родную маці ад адзіноты.

Маці Яна памерла ад тугі па сваім сыне, які так рана пакінуў сям’ю. Хлопец нарадзіўся ў эпоху вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Яго заўсёды цягнула ў шлях, каб зведаць свет. Ён уцёк з бацькоўскага дома, маючы восем гадоў, і тым самым асудзіў самых блізкіх сабе людзей на цярпенне, пакуты і адзіноту.

Правёўшы трыццаць гадоў па-за роднай мясцовасцю, Ян шмат перажыў: выхоўваўся ў прыёмнай сям’і, здабыў адукацыю, ваяваў, быў звольнены са службы, зноў ваяваў, зведваючы розныя еўрапейскія краіны. Стаміўшыся вандроўным жыццём, Ян вяртаецца ў родныя старонкі. Тут чакае нялёгкая праўда пра самога сябе: бацькоў ужо даўно няма.

Мама не вытрымала адзіноты і ўсведамлення знікнення сына і памерла, а бацька, страціўшы сям’ю, уступіў у кляштар францішканаў і там сканаў. Уцякаючы ад разумення, што яго дзіцячы выбрык зрабіў нешчаслівымі бацькоў і фактычна вельмі скараціў ім жыццё, Ян накіроўваецца аж у Афрыку і там працуе як вольнанаёмнік.

Вярнуўшыся ў Еўропу, у Гранаду, ён трапляе на казанне Яна з Авілі, апостала Андалузіі. Пакаянне Яна было такім глыбокім і такім нетыповым перажываннем, што людзі палічылі яго псіхічна хворым і змясцілі ў шпіталь. Там Ян зведаў жорсткія адносіны да сябе і да іншых. Цярпліва чакаў, пакуль выйдзе з лячэбніцы, каб заснаваць свой шпіталь для дапамогі псіхічна хворым.

У шпіталі Яна да хворага ставіліся, як да раўнацэннага чалавека: дбалі пра гігіену і пазбягалі гвалту. Ян заняўся ўсімі абяздоленымі ў горадзе: бяздомнымі, хворымі, адкінутымі грамадствам.

Будучы святы неаднаразова меў містычныя візіі. Аднойчы, мыючы ногі свайму хвораму, ён убачыў на іх стыгматы, раны мукі Хрыста! Падняўшы галаву, убачыў німб над мужчынам і пачуў: “Усё, што ты зробіш ім, зробіш Мне!”

Не задбаўшы пра сваіх бацькоў, Ян стараўся сваё жыццё аддаць іншым. Многія не раз былі сведкамі, як ён рызыкаваў, ратуючы людзей. Аднойчы Ян да апошняга выцягваў з пажару пацыентаў і маёмасць, а астатняга чалавека вынес з такога пекла, што ўсе былі перакананыя: жывы ніхто ніколі з такога агню не выйдзе, і прызналі гэта здарэнне Божым цудам.

Але памёр Ян не ад агню, а якраз ад процілеглай стыхіі – ад вады. Аднойчы ён кінуўся ў халодную раку ратаваць хлопчыка, потым захварэў і хутка памёр. Паміраў ён самотна, бо так пажадаў, магчыма, гэта быў апошні акт яго пакуты за грахі перад сваімі бацькамі.

Да сённяшняга дня ў свеце існуюць браты баніфратры, якія апякуюцца хворымі.

Успамін: 8 сакавіка

Падрыхтаваў а. Андрэй Сідаровіч, марыянін з Росіцы

для друку для друку