Святы Ян Боска – апякун Сусветных дзён моладзі ў Панаме

Апекуном Сусветных дзён моладзі, якія адбудуцца ў Панаме, абраны заснавальнік салезіянскага таварыства святы Ян Боска. Сусветныя дні моладзі ў Панаме пройдуць 22-27 студзеня 2019 года.

Наш Касцёл мае шмат прыкладаў жыцця святых, якія дапамагаюць нам наблізіцца да Бога. Адным з такіх прыкладаў з’яўляецца святы Ян Боска, сябар маладых, які вучыць нас выкарыстоўваць моцныя бакі і жыць поўнай, шчаслівай маладосцю.

Святы, які любіў бедных, быў выбітным педагогам, працаваў, каб забяспечыць дабрабыт і адукацыю дзяцей, святы, які змагаўся, каб моладзь магла заняць годнае месца ва ўсіх галінах нашага грамадства. Папа Францішак, разважаючы над асобай святога Яна Боска ў юбілей двухсотгоддзя з дня яго нараджэння, казаў: “Сваім жыццём Ян Боска падкрэслівае, што хрысціянства з’яўляецца крыніцай шчасця, ён заўсёды прапаведваў Евангелле любові.” Яго папярэднік, Папа Бэнэдыкт XVI кажа: “Ксёндз Боска – святы, які з вялікім запалам працаваў дзеля адной мэты: на хвалу Божую і дзеля збаўлення душ”.

Святы Ян Боска застаецца прыкладам для нашай моладзі, нашага Касцёла і грамадства. Яго пасланне застаецца актуальным, яно пульсуе ў сэрцах, абуджае давер у маладых людзях, заахвочвае ісці супраць плыні. На мінулых днях моладзі Папа Францішак заклікаў моладзь “пакінуць канапу”, выйсці з зоны камфорту, быць адкрытым для свету, які патрабуе любові і добразычлівасці. Такі крок і такая прыгода будзе напоўнена марамі, надзеямі, сумненнямі, змаганнямі, перамогамі, расчараваннямі і радасцямі. Ксёндз Боска стане добрым кампаньёнам для маладога чалавека ў гэтым падарожжы, ён мае ўсё неабходнае, каб перамагчы ўсе цяжкасці на гэтым шляху. Асаблівая ўвага надаецца наступным аспектам жыцця святога:

  1. Радасць — “Будзь радасным, але няхай гэтая радасць будзе шчырая, якая зыходзіць з усведамлення, вольнага ад граху. Нашай апорай з’яўляюцца радасць, малітва і святая Камунія”;
  2. Клопат пра збаўленне душы — “Самае найлепшае, што можна зрабіць у гэтым свеце, — гэта прывесці згубленыя душы на шлях цнотаў, што вядзе да Бога”;
  3. Любоў да Маці Божай — “На нябёсах мы будзем прыемна здзіўлены, калі даведаемся, колькі дабра зрабіла для нас Маці Божая, калі мы былі на зямлі”;
  4. Любоў і шанаванне Эўхарыстыі — “Частая святая Камунія і святая Імша з’яўляюцца слупамі, якія павінны падтрымліваць духоўнае жыццё хрысціяніна”;
  5. Ніколі не баяцца выпрабаванняў і давяраць Богу — “Загадваю вам, каб з ахвотаю неслі свой крыж, як хоча таго святая Божая Воля. Нясіце яго з радасцю і ведайце: як мінае час, так міне і ваш крыж”;
  6. Працавітасць — “Хачу вам расказаць, чаго хоча ад вас д’ябал, а чаго баіцца. Шатан хоча, каб вы нічым не займаліся, і вельмі баіцца, калі бачыць вас працуючымі. Таму гэта можна растлумачыць так: пакуль вы лянуецеся — ён адпачывае, бо калі вы ў пустую марнуеце час, яму нічога не трэба рабіць, бо вашая лянота працуе за яго”;
  7. Сціпласць — “Калі чыніш дабро ці змагаешся са спакусамі, даверся Марыі, каб быць гатовым на прыніжэнне, патаптанне чалавечай годнасці і таксама на цярпенне”.

Пераклад sdb.by з афіцыйнага сайта СДМ-2019

для друку для друку