Святы, якога не спыніла эпілепсія

7 лютага — успамін бласлаўлёнага Папы Пія ІX (1792-1878).

Швейцарская папская гвардыя, у якую хацеў уступіць малады Ян Марыа Мастаі Ферэцці, не зрабіла для хлопца выключэння і не прыняла ў свае рады. Такім чынам, магчыма, страціла аднаго са сваіх найбольш вядомых у будучыні афіцэраў. Касцёл для разумнага, выхаванага, з заможнага роду юнака выключэнне зрабіў і, прымаючы ў семінарыю, атрымаў аднаго з найбольш вядомых і творчых папаў 19 ст.

Цяжка асуджаць кіраўнікоў швейцарскай гвардыі, бо хлопец хварэў не на грып і мучыўся не ад звычайнай прастуды. У яго неаднаразова здараліся прыпадкі эпілепсіі. Цяжка ўявіць салдата ці афіцэра на службе, які ў кожны момант можа страціць над сабой кантроль. Для таго, каб Ян Марыа паступіў у семінарыю і атрымаў пасвячэнне, была патрэбная дыспенса (дазвол) самога Папы. Можа, у гэтым выпадку дапамаглі сямейныя сувязі: дзядзька-біскуп і дзядзька-прэлат у базіліцы св. Пятра. Як бы ні было, гэтая пратэкцыя дала Касцёлу будучага папу і святога.

Часы кіравання Касцёлам для новаабранага Папы Пія ІХ былі звышскладанымі. У рэвалюцыйных падзеях стваралася Італьянская дзяржава. Касцёл страціў свае зямельныя ўладанні, яго зямная ўлада абмяжоўвалася толькі Ватыканам. На знак сваёй нязгоды з рэвалюцыйнымі норавамі і гвалтам пасля забойства прэм’ера Папа Пій ІХ вырашыў на нейкі час пакінуць Рым і Ватыкан. У звычайнай чорнай сутане ён пакрыёма выехаў у Неапаль.

Зямныя клопаты і вірлівы час не перашкодзілі Пію ІХ быць добрым пастырам і для духавенства, і для сваіх авечак. Сведкі кажуць, што для ўсіх ён быў вельмі простым суразмоўцам і выдавалася, што з кожным чалавекам гатовы быў пасябраваць. Папу любілі католікі і вельмі паважалі людзі іншых перакананняў. Толькі ў справах веры Пій ІХ быў нязломны і непераканальны.

Гэта менавіта Папа Пій ІХ абвясціў у 1854 г. догму пра Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Марыі Панны. Існуюць пацверджаныя сведчанні, што ў моманце чытання булы Папа вельмі ўзрушыўся і нават праслязіўся. А тыя, хто быў на ўрачыстасці, бачылі слуп святла над Папам падчас абвяшчэння дакумента. Даследаванні паказалі, што ў снежні, калі адбывалася гэтая падзея, ніякага святла там быць не магло. Пій ІХ казаў, што ў той момант Бог даў яму перажыць пачуццё неймавернай духоўнай чысціні Святой Багародзіцы.

На нашай зямлі таксама застаўся след служэння Папы Пія ІХ. Менавіта ён, дбаючы пра католікаў ва ўсім свеце, беатыфікаваў мучаніка Андрэя Баболю і кананізаваў Язафата Кунцэвіча.

Айцец Андрэй Сідаровіч МІС, Росіца

для друку для друку