Святыя, якія раздзялілі святасць на дваіх

25 лістапада — успамін бласлаўлёных Алойзі і Марыі Бельтрамэ Кватрочы

21 кастрычніка 2001 года стала для Касцёла важнай, можа, не ўсімі заўважанай датай. У гэты дзень на пляцы Святога Пятра ў Рыме Папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў першую ў гісторыі сужэнскую пару – Алойзія і Марыю. Упершыню афіцыйна Касцёл прызнаў магчымасць дасягнуць святасці праз каханне і сумеснае жыццё ў сям’і.

Жыццё Алойзія і Марыі было дастаткова звычайным. Яны абое з нябедных сем’яў, не перажывалі матэрыяльных клопатаў. Атрымалі добрую адукацыю. Алойзі стаў вядомым адвакатам, а Марыя выкарыстоўвала свой дар пісьменніцы, журналісткі і публіцысткі. Алойзі заўсёды актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, аднак не імкнуўся зрабіць кар’еру і атрымаць дзяржаўную пасаду за любы кошт.

Як гэта часта здараецца, Марыя мела вялікі ўплыў на рэлігійнасць свайго мужа. У яго сям’і, апрача адной цёткі, да веры ставіліся абыякава, і таму толькі з часам ён далучыўся да штодзённай сямейнай практыкі – удзелу ў святой Імшы. Канешне, была таксама штодзённая сямейная малітва. Дзеці ўспаміналі, што вялікі ўплыў на іх жыццё зрабілі некаторыя сітуацыі. Напрыклад, аднойчы яны бачылі, як іх бацька горка плача, укленчыўшы каля канфесіянала. Гэтае слёзнае пакаянне засталося ў іх памяці назаўсёды.

Бог падарыў Алозію і Марыі чацвёра дзетак. Трое з іх прысутнічалі на беатыфікацыйнай святой Імшы.

Нараджэнне апошняй дачкі было звязана з вялікім перажываннем. Дактары паставілі неспрыяльны дыягназ і прадказвалі магчымасць смерці і маці, і дзіцяці, і таму ў адкрытую раілі аборт. Алойзі і Марыя даручылі сябе ў апеку Багародзіцы і дачакаліся нараджэння абсалютна здаровай дзяўчынкі.

Цікава, што ўсе дзеці, абодва хлопцы і абедзве дзяўчыны, абралі шлях святарскага і манаскага жыцця. І ніхто з іх не стварыў сям’ю па прыкладзе сваіх святых бацькоў.

а. Андрэй Сідаровіч МІС, Росіца

для друку для друку