Святыя Місіі адбыліся ў Навагрудку

З 19 па 26 лютага айцы-рэдэмптарысты з Гродна правялі ў Навагрудку Святыя Місіі, да якіх мясцовыя вернікі рыхтаваліся на працягу года. Апошні раз Святыя Місіі ў парафіі св. Міхала Арханёла праходзілі чвэрць стагоддзя назад.

Падзея на працягу ўсяго тыдня збірала шматлікіх вернікаў. Місіянеры разам з парафіянамі разважалі на тэмы: “Бог ёсць любоў”, “Грэх і збаўленне ў Езусе Хрысце”, “Вера і навяртанне”, “Езус мой Пан” і іншыя. Айцы наведалі навучэнцаў аграрнага, гандлёва-эканамічнага каледжаў і прафесійнага аграрнага ліцэя. Зладзілі адмысловыя сустрэчы для школьнікаў і іх бацькоў. У рамках Святых Місій адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў, у якіх прыняло ўдзел больш за 70 сямейных пар.

«Падчас Святых Місій я адчуў, што парафія — гэта адзіная сям’я. І зразумеў: нішто так моцна не аб’ядноўвае людзей, як малітва», — адзначыў удзельнік рэкалекцый Андрэй Луневіч.


У апошні дзень Місій перад касцёлам быў усталяваны вялікі місійны крыж з памятнай табліцай, які будзе пастаянна нагадваць пра гэтую важную падзею ў гісторыі парафіі.

«Пасля завяршэння Святых Місій у Навагрудку стала сумна! Чарговы дзень з жалем усведамляю, што раніцой няма патрэбы спяшацца. Я не прапусціла ніводнай службы і шмат пра што даведалася дзякуючы казанням айцоў. Дзякуй кс. пробашчу Юрыю Жэгарыну, які запрасіў да нас місіянераў і рыхтаваў нас да гэтай сустрэчы. Дзякуй Богу, што парафіяльныя Місіі ўзбагацілі духоўную гісторыю Навагрудка», — падзялілася ўражаннямі Галіна Петухоўская, удзельніца Святых Місій.

Алена Міхневіч, grodnensis.by

для друку для друку