Святы, перад якім на каленях стаяў біскуп

Святы Хуан Дыега (1474-1548)

Навукоўцы-астраномы на Яе плашчы, аздобленым зоркамі, знайшлі дакладнае адлюстраванне зорнага неба з XVI стагоддзя! Даследчыкі выявы не маглі пацвердзіць, што Яна намаляваная, а таксама адказаць на пытанне, якім чынам з’явілася. У Яе вачах на выяве іншыя вучоныя ўбачылі фатаграфічны адбітак чалавека на каленях. А даследчыкі самога плашча ў адзін голас сцвярджаюць, што ён зроблены з біяматэрыялу і не павінен быў захавацца даўжэй за 20 гадоў, а стаўся рэліквіяй, якая існуе больш за 450 гадоў!

Гэты абраз Святой Марыі, калі яго можна назваць абразом, з’яўляецца вялікай хрысціянскай святыняй Мексікі і ўсяго каталіцкага свету. Як толькі людзі чуюць слова “Гвадэлупа”, адразу ўяўляюць постаць Маці Божай з цудоўнага плашча Хуана Дыега.

Хуан быў звычайным індзейцам з племені Ацтэкаў. Належаў да найбяднейшага грамадскага саслоўя. Ён адным з першых ад францішканскіх місіянераў прыняў веру ў Хрыста. Перажыў сапраўднае глыбокае навяртанне. Ужо немалады, ён з руплівасцю хадзіў два разы на тыдні на святую Імшу. Яго не спыняла неабходнасць шматкіламетровага пераходу па гарыстай мясцовасці.

Аднойчы Хуан на ўзвышшы ўбачыў постаць жанчыны ў блакітным плашчы, якая назвалася: “Святая Марыя Дзева, Маці сапраўднага Бога”. Яна прасіла, каб на гэтым месцы збудавалі святыню ў яе гонар.

Безумоўна, расповеду Хуана не вельмі верылі і францішкане, і мясцовы біскуп. З недаверам пастыры папрасілі, каб Хуан, калі яшчэ раз аб’явіцца яму Маці Божая, папрасіў у Яе знак, цуд на пацвярджэнне сваёй просьбы.

Маці Божая выслала Хуана на гару, на якой у такую пару году і пры такім надвор’і нічога не расло, бо нічога не можа расці зімой у гарах на абледзянелай зямлі. Хуан атрымаў заданне набраць пастырам кветак, якія знойдзе. І сапраўды, ён знайшоў неймавернай прыгажосці ружы, якіх назбіраў у свой плашч. Біскуп і місіянеры былі здзіўленыя такой прыгажосцю, але яшчэ іх больш уразіла выява Маці Божай, якая праявілася на плашчы Хуана. Некаторы час усе прысутныя ў трымценні, на каленях маліліся перад Ёй, а пазней перанеслі плашч у капліцу.

Гэты цуд і выява Маці Божай прычыніліся да хуткай евангелізацыі Мексікі. Штогод з 9-га па 12-га снежня да абраза Маці Божай з Гвадэлупы прыходзіць 5-6 мільёнаў пілігрымаў. А за ўвесь год іх колькасць узрастае ў тры разы – да 15 мільёнаў!

а. Андрэй Сідаровіч МІС, Росіца

 

для друку для друку