Святы Пасад: значнае збліжэнне з рускім праваслаўем

У мінулым годзе адбылося значнае збліжэнне паміж Святым Пасадам і Рускай Праваслаўнай Царквой, што стала плёнам сустрэчы Папы і Патрыярха Маскоўскага, лічыць айцец Гіяцынт Дэсцівэль, адказны ў Папскай радзе спрыяння хрысціянскаму адзінству за адносіны з Праваслаўнымі Цэрквамі славянскіх краін.

Ён нагадаў, галоўным чынам, меркаванне Патрыярха Кірыла адносна перэгрынацыі рэліквій св. Мікалая ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, якая, паводле Прадстаяцеля, зрабіла для ўзаемнага набліжэння значна больш, чым многія гады дыялогу, паколькі ўключыла ў экуменічны рух масы простых вернікаў.

Падводзячы вынікі экуменічных падзей мінулага года, французскі дамініканін, у эфіры Ватыканскага радыё, нагадаў пра візіт Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы ў Маскву, а таксама культурныя праекты, такія як выстава экспанатаў Ватыканскіх музеяў у Маскве.

Прадстаўнік Святога Пасаду прызнаў, аднак, што праблемным пытаннем у адносінах з рускім праваслаўем застаецца Грэка-Каталіцкая Царква. Аднак, і тут дыялог магчымы, перакананы ён. “У мінулым годзе, падчас святкавання першай гадавіны сустрэчы ў Гаване, кардынал Курт Кох прапанаваў стварыць спецыяльную двухбаковую камісію, якая будзе займацца гэтай праблемай і забяспечыць рэгулярныя кантакты. Гэта, бадай, адзінае магчымае рашэнне, каб мець прамыя адносіны і дыялог. Мы спадзяемся на рэалізацыю гэтай мэты, каб мець магчымасць абмеркавання ўсіх праблем, звязаных як з мінулым, так і з сучаснасцю”, — сказаў айцец Дэсцівэль.

Ён прызнаў, што дыялог часам можа быць вельмі цяжкім, і гэта можна ўбачыць на прыкладзе Каталіцкага Касцёла ў Харватыі і Сербскай Праваслаўнай Царквы. “Але сам факт распачацця дыялогу ўжо змяняе атмасферу ўзаемаадносін. Таму, дыялог, хоць і складаны, проста неабходны”, — сказаў супрацоўнік Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Ватыканскае радыё

для друку для друку