- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Святы Пасад у ААН супраць ядзернай зброі

54820707f0f3a_yaderniy_vzriv [1]“Краіны, якія валодаюць ядзернай зброяй не толькі не былі раззброены, але мадэрнізавалі свой ядзерны арсенал. А дзяржавы, якія не мелі такой зброі, уступілі ў яе валоданне. Самае страшнае, аднак, тое, што ядзерная зброя можа стаць інструментам тэрарыстычных арганізацый і экстрэмістаў”, — сказаў пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый на канферэнцыі: “Ядзерная зброя і маральны компас”, якая праходзіла ў Нью-Ёрку.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса падкрэсліў, што “нягледзячы на некаторы прагрэс, ядзернае раззбраенне знаходзіцца ў крызісе, а інстытуты, пакліканыя рабіць гэта, на працягу многіх гадоў бяздзейнічаюць”. Ён сказаў, што рашэнне гэтай праблемы з’яўляецца не столькі палітычным абавязкам, колькі маральным, перад усім чалавецтвам, яго будучымі пакаленнямі і тымі, хто раней пацярпеў у выніку прымянення гэтага віду узбраення.

“Ядзерная зброя не можа быць гарантыяй стабільнага і бяспечнага свету, таму што гэтага не ў стане гарантаваць пагрозы ўзаемнага знішчэння. Правільным рашэннем — як нагадаў папа Францішак — з’яўляецца мір у свеце, пабудаваны на справядлівасці, устойлівым эканамічным развіцці, свабодзе, павазе да правоў чалавека, сацыяльных абавязацельствах і ўзаемным даверы паміж народамі”, — нагадаў арцыбіскуп Ауса.

Па словах ватыканскага дыпламата, для барацьбы з валоданнем ядзернай зброяй трэба засяродзіцца на праблемах, якія прывядуць да зруху ў мысленні па гэтым пытанні. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб патрэбе ў крытычнай рэфлексіі на тэму ілюзіі бяспекі народаў, якія валодаюць ядзернай зброяй. Таксама трэба казаць пра няроўнасць у падыходзе да міжнародных нормаў у галіне ядзернага раззбраення і сацыяльных выдатках, якія ідуць на ядзерную зброю замест барацьбы з беднасцю.

Ватыканскае радыё [2]