Святы Пасад: паважаць паўсюдную каштоўнасць Іерусаліма

Апостальская Сталіца выказала падтрымку краінам, якія прыкладаюць намаганні на карысць недапушчэння новых хваляў насілля і клапоцяцца аб падтрымцы дыялогу і перамоў паміж ізраільцянамі і палестынцамі адносна мірнага працэсу і пытання Іерусаліма. 

З адмысловай дэкларацыяй дэлегацыя Святога Пасаду пры ААН выступіла пасля прыняцця Генеральнай Асамблеяй рэзалюцыі з заклікам не прызнаваць Іерусалім сталіцай Дзяржавы Ізраіль. У падтрымку гэтага рашэння выказаліся 128 краін, супраць – толькі 9.

У ватыканскай дэкларацыі гаворыцца пра абавязак усіх краін паважаць гістарычны “status quo” Святога Горада, у адпаведнасці з адмысловымі рэзалюцыямі ААН. Падкрэсліваецца, што значэнне Іерусаліма вышэй за пытанне межаў і разуменне гэтага павінна быць прыярытэтам ва ўсіх перамовах дзеля дасягнення палітычнага рашэння.

Паводле ватыканскай дыпламатыі, унікальная тоеснасць Іерусаліма, якая мае паўсюдную каштоўнасць, заключаецца ў выключным характары гэтага горада – святога для трох монатэістычных рэлігій, які мільёны вернікаў лічаць сваёй “духоўнай сталіцай”.

Святы Пасад звярнуўся з заклікам да мірнага вырашэння пытання, якое будзе паважаць статус Іерусаліма, яго сакральны і паўсюдны характар. Толькі гарантаванае на міжнародным узроўні “status quo” можа захаваць выключную прыроду гэтага горада і быць гарантыяй дыялогу і прымірэння на карысць супакою ў рэгіёне, падкрэсліваецца ў дакуменце.

6 снежня 2017 г. Дональд Трамп заявіў аб прызнанні Іерусаліма ў якасці адзінай сталіцы Дзяржавы Ізраіль і перанясенні туды пасольства Злучаных Штатаў. Прадстаўнікі палестынскага кіраўніцтва заявілі, што гэта рашэнне раўнасільна абвяшчэнню вайны на Блізкім Усходзе.

У ЗША ў 1995 г. быў прыняты закон, які прадугледжвае перанос пасольства ў Іерусалім. Аднак ён прадугледжвае адтэрміноўку рэалізацыі, рашэнне аб чым прымае Прэзідэнт ЗША. Усе папярэднікі Трампа карысталіся такой магчымасцю, баючыся наступстваў, да якіх гэты крок прывядзе.

Статус Іерусаліма – ключавая праблема палестынска-ізраільскага канфлікту. Згодна з рэзалюцыям ААН, цяпер гэта тэрыторыя лічыцца акупаванай, і яе статус павінен быць прадметам перамоў.

Ватыканскае радыё

для друку для друку