Святы Пасад афіцыйна пацвердзіў візіт Папы ў Польшчу

AFP2479593_ArticoloУ Ватыкане 12 сакавіка афіцыйна пацвердзілі візіт папы Францішка ў Польшчу.

“З нагоды наступнага Сусветнага дня моладзі, які пройдзе ў Кракаве, прымаючы запрашэнне вышэйшых уладаў Рэспублікі і польскіх біскупаў, Яго Святасць Францішак адправіцца з пастырскім візітам у Польшчу з 27 па 31 ліпеня 2016 года”, — гаворыцца ў афіцыйнай заяве Залы Друку Святога Пасаду.

Сусветныя дні моладзі ў Кракаве пройдуць 26-31 ліпеня 2016 года пад дэвізам: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5,8). Ім будуць папярэднічаць Дні ў дыяцэзіях, якія пройдуць 20-25 ліпеня па ўсёй Польшчы.

У верасні 2015 года Францішак скіраваў пасланне да будучых удзельнікаў Сусветных дзён. Ён заўважыў, што моладзевы форум у Кракаве будзе першым пасля кананізацыі яго заснавальніка – Яна Паўла ІІ. Акрамя таго, ён пройдзе ў рамках Юбілею Міласэрнасці. Папа нагадаў, што міласэрнасць з’яўляецца не абстрактнай ідэяй або сентыментальнасцю, але канкрэтнай рэальнасцю, у якую ўключана прабачэнне. Ён заклікаў моладзь часцей прыступаць да сакрамэнту споведзі. Канфесіянал – гэта месца міласэрнасці, у якім можна патрапіць у абдымкі Бога. Божая Міласэрнасць – гэта “вельмі канкрэтная і патрабавальная жыццёвая праграма”, якая прадугледжвае справы, сярод якіх самая складаная, гэта прабачэнне тых, хто нас абразіў, хто прычыныў нам боль, хто з’яўляецца нашым ворагам, напісаў Папа.

Сусветныя дні моладзі 2016 года ў трэці раз супадуць з юбілейным годам у Каталіцкім Касцёле. У 1984 годзе форум праходзіў у рамках Юбілею Адкуплення, а ў 2000 годзе – у рамках Вялікага Юбілею Хрысціянства.

Ватыканскае радыё

для друку для друку