Святы, на якога працавалі анёлы

Святы Ізыдор Пахач з Мадрыда (1080-1130) – успамін 15 мая.

У гісторыі Касцёла ёсць святыя, якія цярпліва чакалі абвяшчэння сваёй святасці не адно стагоддзе. Адным з іх з’яўляецца Ізыдор Пахач, апякун Мадрыда і сялянскага жыцця. Амаль пяць стагоддзяў прайшло з дня яго адыходу ў вечнасць да кананізацыі, якую правёў Папа Грыгорый ХV.

Выклікае здзіўленне такое спалучэнне: апякун Мадрыда і сялянскага жыцця. Як ідэйна можна сумясціць 3-х мільённую сучасную метраполію і працу ў полі? У часы Ізыдора Мадрыд быў невялікім мястэчкам, за якім адразу распачыналіся палі. Ізыдор, родам з беднай малазямельнай сям’і, працаваў на зямлі ў мясцовага феадала. Ён быў чалавекам працавітым і сумленным у выкананні штодзённых абавязкаў, але гэта не захавала будучага святога ад абвінавачванняў, што не выконвае свае заданні, а бярэ за працу плату.

Гаспадар прасачыў за Ізыдорам і адкрыў дзіўную рэч: яго працаўнік з раніцы не ідзе на поле, але мае такую пабожную звычку і наведвае мадрыдскія святыні. Калі гаспадар у злосці планаваў пакараць Ізыдора, ужо на полі ўбачыў наступную з’яву: вось вол цягне плуг, а за ім ідзе анёл Божы! Назіраючы даўжэй за сваім парабкам, гаспадар адзначыў і яго працавітасць, і сумленнасць. Гэта прывяло яго да рашэння зрабіць будучага святога адказным у сваім маёнтку.

Даследчыкі жыцця Ізыдора адзначаюць, што сёння цяжка аддзяліць сапраўдныя цуды, якія адбыліся пры яго жыцці, і легенды, каторымі яго абрасла постаць. Без сумневаў ведаем, што ён быў чалавекам святым, і таксама асвяціў сваю сям’ю. Яго жонка Марыя прызнана бласлаўлёнай!

Пра святасць Ізыдора сведчыць і яго жыццё, і яго магутнае заступніцтва пасля смерці. Бадай, няма такой хваробы, якая не адступала б пасля малітвы на месцы яго пахавання! Людзі верылі, што дастаткова прыехаць да Ізыдора, памаліцца і пылам з яго пахавання пасыпаць хворае месца. Гэта вельмі нагадвае евангельскія часы, калі людзі клалі сваіх хворых пры дарозе, каб толькі цень св. Пятра-апостала ўпаў на чалавека дзеля яго аздараўлення!

Да сённяшняга дня св. Ізыдор з’яўляецца прыкладам сумленнасці ў працы і тым, хто вучыць спалучаць штодзённыя абавязкі з малітоўным жыццём.

Айцец Андрэй Сідаровіч МІС, Росіца

для друку для друку