Святы Мікалай вучыць нас наследаваць Хрыста

IMG_0117Згодна са шматвекавой традыцыяй Касцёла 6 снежня католікі ўсяго свету ўзгадваюць святога Мікалая. Асоба гэтага святога шануецца вернікамі розных хрысціянскіх канфесій. Вядома, што святы Мікалай быў біскупам і быў вельмі шчодрым чалавекам, умеў дзяліцца з тымі, хто не мае. Адсюль узнікла традыцыя патаемна рабіць у гэты дзень падарункі. 

Для Лучайскай парафіі 6 снежня – падвойнае свята. Пробашч парафіі з’яўляецца цёзкам вядомага святога. Ксёндз Мікалай Ліпскі прымае ў гэты дзень віншаванні. Вось і ў гэтую нядзелю парафіяне і дэлегацыя землякоў лучайскага пробашча скіраваліся ранкам у святыню, каб паўдзельнічаць у святой Імшы у інтэнцыі імянінніка, скласці яму пажаданні.

На пачатку Святой Імшы ксёндз пробашч, расказваючы пра асобу св. Мікалая, зазначыў, што ад гэтага святога трэба вучыцца наследваць Хрыста.

Пасля заканчэння літургіі ўсе, хто быў на «Мікалайках» змаглі паўдзельнічаць у святочнай праграме. Чакаючы госця з мехам цукерак, прысутныя пазнаёміліся з творчымі і таленавітымі людзьмі. Беларускі хрысціянскі пісьменнік Аляксей Шэін распавёў пра сваю кнігу «Сем камянёў». Твор напісаны ў форме казкі, нагадвае хрысціянскую прыповесць. Усе жадаючыя змаглі набыць кнігу і атрымаць аўтограф.

Музычны падарунак зрабіў для ўсіх прысутных Сяржук Доўгушаў. Музыкант, які з’яўляецца удзельнікам беларускага музычнага гурта «Вурай», а таксама салістам Філармоніі, пазнаёміў слухачоў са старажытнымі беларускімі музычнымі інструментамі. Несамавітае гучанне проста зачаравала ўсіх, хто любіць фальклорную музыку. Пад гітару Сяржук выканаў некалькі народных спеваў, а таксама спевы на словы Уладзіміра Караткевіча і Максіма Багдановіча.

Галоўным і доўгачаканым госцем свята стаў Святы Мікалай! Прысутныя дзеці расказвалі вершы, спявалі песні, за што атрымалі салодкія пачастункі. Увогуле, без увагі не застаўся ніхто. Кожнага, хто быў у касцёле, Святы Мікалай пачаставаў цукеркамі. На заканчэнне свята ўдзельнікі выканалі песню «Малюся за цябе, Беларусь!», жадаючыя зрабілі фота на памяць з гасцямі мерапрыемства.

Алена Клімза-Колтан, тэкст

Карына і Марыя Радзюш, фота

Luchai.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі