Святы Мікалай наведаў пацыентаў дзіцячай абласной бальніцы г. Гродна

sv. MikalajУ нядзелю, 27 снежня, валанцёры гродзенскага «Карытас» віншавалі маленькіх пацыентаў артапеда-траўматалагічнага аддзялення дзіцячай абласной бальніцы, са святам Нараджэння Пана і надыходзячым Новым Годам.

Сам праект «Анёлы дабра», у рамках якога валанцёры наведваюць дзяцей у траўматалогіі, існуе ўжо амаль 2 гады. Кожную нядзелю з 17:00 да 19:00 валанцёры прыходзяць і дапамагаюць дзецям цікавей правесці час: з імі малююць, гуляюць у разнастайныя гульні, чытаюць, робяць вырабы і гэтак далей.

Але гэта нядзельная наведванне было не зусім звычайным. Акрамя валанцёраў, са святамі дзяцей віншаваў і сам Св. Мікалай. Вельмі цешыць, што наведванне Св. Мікалаем дзяцей у праекце «Анёлы дабра» ужо становіцца выдатнай штогадовай традыцыяй. Ён наведаў усе палаты, паразмаўляў з кожным дзіцем, праспяваў з дзецьмі песні, падараваў усім салодкія падарункі і разам з валанцёрамі пажадаў дзецям хутчэйшага выздараўлення.

Дзеці засталіся вельмі задаволенымі, бо прыход Св. Мікалая стаў для іх вялікім і вельмі прыемным сюрпрызам.

Бачыць усмешкі дзяцей — незвычайнае шчасце і лепшая ўзнагарода для валанцёраў «Карытас» Гродна, таму што асноўная мэта праекта- падарыць дзецям станоўчыя эмоцыі, якіх у бальніцы так не хапае.

Марыя Янкевіч, тэкст;

Крысціна Рукша, фота

caritas.by

для друку для друку