Святы арцыбіскуп, які не хацеў быць ксяндзом

Святы Турыбій з Монгравеха (1538-1606)

Цікава, як могуць радыкальна адрознівацца ў паводзінах і мысленні людзі аднаго пакалення, аднаго народа, які жывуць, здаецца, у тых самых умовах, вызнаюць, што не мала важна, тую самую веру. Ён, Турыбій, быў дзіцём сваёй эпохі, атрымаў выдатнае выхаванне і адукацыю і стаў сімвалам супраціву ў Чылі. Яго праціўнікамі, а можна сказаць, ворагамі былі не чужынцы з індзейскіх плямёнаў, а менавіта землякі, іспанцы.

Гэта быў шок для тагачаснага грамадства: галоўным суддзёй інквізіцыі ў Гранадзе кароль Філіп ІІ прызначыў менавіта Турыбія з Монгравеха. Здавалася б, чаму трэба сумнявацца, што гэта добрая кандыдатура? Ён са шляхецкага роду, атрымаў юрыдычную адукацыю ў Саламанцы, Каібры і Вальядалідзе, вызначаецца яснасцю розуму. Усё гэта не выклікала сумневаў, пытанне было ў іншым: як кароль на пасаду, якая зарэзерваваная за духоўнымі асобамі, прызначыў cвецкага чалавека?

Пяць гадоў працы ў інквізіцыі толькі пацвердзілі, што кароль не памыліўся. Цяпер ён меў для Турыбія новае заданне: загадаў яму ехаць у Перу, у Ліму, і там стаць пастырам, біскупам мясцовага Касцёла. Тут шок перажыў ужо Турыбій, бо ён не збіраўся прымаць пасвячэнні і ніколі не думаў пра кар’еру духоўнага. Аднак яго просьбы, скіраваныя да караля, каб той змяніў сваё рашэнне, не былі прынятыя пад увагу.

У Ліме і ва ўсёй сваёй вялікай місійнай дыяцэзіі Турыбій праслужыў каля трыццаці гадоў. У гэты час вызначыўся напрамак развіцця Каталіцкага Касцёла для ўсёй Лацінскай Амерыкі. Як добры пастыр, ён візітаваў сваіх авечак нават у цяжка даступных месцах. Больш за тое, каб быць зразуметым і самому разумець іншых, вывучаў індзейскія дыялекты. Для патрэб мясцовых католікаў на двух дыялектах выдаў катэхізіс. Гэта была першая друкаваная мясцовая кніга!

 Змяняючы Касцёл, Турыбій змяняў таксама і ўсё грамадства, бо заснаваў вялікую колькасць школ, прытулкаў для дзяцей і дарослых і іншых устаноў. Баронячы правы мясцовых плямёнаў, засцерагаў іх ад выкарыстання іспанскімі палітычнымі ўладамі. Не баяўся канфліктаваць з мясцовымі ўсемагутнымі губернатарамі.

Вельмі шмат намаганняў прыклаў ён для адукацыі духавенства, заснаваў першую ў Лацінскай Амерыцы духоўную семінарыю. Турыбій стараўся абудзіць у святароў дух салідарнасці з паствай, часта недавучанай, беднай, якую выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах каланізатары. Гэта была няпростая задача, паколькі духавенства па традыцыі трымалася тых, хто меў уладу.

Айцец Андрэй Сідаровіч МІС, Росіца

для друку для друку