“Святы Андрэй Баболя – Божы знак для нашых часоў”: адпустовая ўрачыстасць у Лучаі

luczaj_babola31Лучайская парафія, што на Пастаўшчыне ў Віцебскай дыяцэзіі, 16 мая адзначала адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Андрэя Баболі. Нягледзячы на пахмурнае і зменлівае надвор’е, вернікаў прыбыло, як заўседы шмат. Прыгожы і велічны лучайскі касцёл сабраў пад свае скляпенні зноў сваіх сяброў і пілігрымаў з Пастаў разам з кс. Юрыем, Шаркаўшчыны, Глыбокага, Мінска і іншых мясцін краіны.

Вядома, што святы Андрэй Баболя з’яўляецца таксама нябесным заступнікам чыгуначнікаў. Каб урачыста адсвяткаваць гэты асаблівы дзень і ўшанаваць рэліквіі апекуна, таксама прыбылі ў Лучай мясцовыя працаўнікі беларускай чыгункі і калегі па працы з Гродна, Маладзечна і Мінску разам з душпастырам супольнасці чыгуначнікаў – айцом Станіславам, пробашчам парафіі Маці Божай Ларэтанскай у Мінску.

Мясцовая моладзь з каталіцкім гуртом «Laudans» з Мінску правяла напачатку адарацыйныя разважанні і спевы перад Найсвяцейшым Сакрамантам ля алтара св. Андрэя Баболі на тэму: “Кожны святы – гэта Божы знак для тых часоў, у якія жыве”. Гэта дало вернікам магчымасць паразважаць і задумацца ў гэты час на малітве… Бо святы пакутнік Андрэй – Божы знак яшчэ і для нас, і для нашых часоў. Ён з’яўляецца для нас узорам непарушнай веры, якая не адступае і не ломіцца перад абліччам найвялікшага цярпення, якая не баіцца ані пагроз, ані здзекаў.

Адпустовая літургія распачалася надзвычай урачыста, калі да працэсіі святароў і міністрантаў далучыліся чыгуначнікі ў сваёй форме і са штандарам супольнасці. Відовішча для нашага рэгіёну пакуль што незвычайнае.

luczaj_babola19

Цэлебраваў святую Імшу капелан Яго Святасці ксёндз доктар Аляксандр Рагіня, сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Казахстане, які ўдзячны сваей роднай парафіі і не забывае сваіх землякоў. У святочнай гаміліі айцец Станіслаў звярнуў увагу на пытанне «Як цяжка быць пакутнікам у сучасным свеце». На прыкладзе святога Андрэя Баболі святар падкрэсліў, што кожны павінен імкнуцца быць верным Хрысту, верным сваей сям’і.

Св. Андрэй Баболя з’яўляецца апекуном Беларусі, таму беларускага каларыту прыўнеслі ў свята маладыя хлопцы і дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах. Яны разам з чыгуначнікамі падрыхтавалі дары і ўрачыста прынеслі іх да алтара. На заканчэнне літургіі прагучала літанія да св. Андрэя Баболі і адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам.

luczaj_babola16 luczaj_babola12

Гістарычнай падзеяй гэтага дня для парафіі стала адкрыццё “Касцельнага музея імя Ганны Дубовік” – легендарнай парафіянкі. Яна напрыканцы жыцця ажыццявіла сваю мару і стала сястрой законнай з іменем Міхаэля. Усё жыццё яна прысвяціла служэнню Касцёлу, дасылала ці сама вазіла пасылкі святарам, сасланым у лагеры і падтрымлівала з імі карэспандэнцыю, катэхізавала дзяцей у савецкі час, вазіла іх у іншую парафію для Першай споведзі і Камуніі.

luczaj_babola42

Перад адкрыццём музея слова прамовіў ксендз Аляксандр Рагіня. Святар лічыць спачылую Ганну Дубовік або Ганначку (так пяшчотна называлі яе парафіяне) сваёй духоўнай апякункай. Больш таго, славуты сын лучайскай зямлі упэўнены, што менавіта яна вымаліла ў Бога дар святарскага паклікання для яго. Ён зазначыў, што адкрыццё музея, дзе знаходзяцца рэчы, якімі карысталіся нашы продкі, з’яўляецца памяццю пра іх і падзякай ім за дар веры, якую захавалі і перадалі сваім нашчадкам, але таксама і напамінам нам, каб веру і святыню захоўваць, падтрымліваць і перадаваць наступным пакаленням – найлепш уласным прыкладам свайго штодзённага жыцця і такі прыклад пакінула Ганна Дубовік.

luczaj_babola41Кожны жадаючы меў магчымасць наведаць новы музей, размешчаны на некалькіх ярусах вежы касцёла, падымаючыся па сходах аж да званоў, дзе адчынялася вачам прыгожая панарама Лучая. А спусціўшыся з вежы уніз на зямлю, госці маглі пакатацца па мястэчку на поні, пасмакаваць “адпустовыя” цукеркі, набыць сувеніры, заставацца аж да вечара на канцэрце, каб пасля завесці добры настрой і ўражанні з Лучая да дому.

І хоць здавалася немагчымай канцэртная праграма пад адкрытым небам, але быццам хмары расступіліся і выглянула сонейка ад той станоўчай энергіі, якую выпраменьвалі не толькі запрошаныя артысты, але і заўзятыя аматары павесяліцца. Пакуль музыкі з гурта «Laudans» настройвалі пасля дажджу сваю гукаапаратуру, самабытны баяніст Чэслаў Рачыцкі з Шаркаўшчыны, прыўзняў святочны настрой выконваючы мелодыі мінулых гадоў. А спявачка Валянціна Альшанская з чароўным, мілагучным голасам парадавала сваім рэпертуарам і была вядучай усёй канцэртнай праграмы. Майскі фэст адкрыў лучайскім слухачам і яшчэ новыя імёны: Алега Сямёнава – беларускага спявака, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне», заснавальніка гурта «Чысты голас» і маладога выканаўцу Улада Сіманіса з Шаркаўшчынска РДК. Беларускія чыгуначнікі на чале са сваім душпастырам паказалі, што здольныя «і да танца, і да ружанца». Вясёлае гучанне музыкі і спеву ўсіх прысутных паяднала ў адну радасную сям’ю, водзячы карагоды пад прыгожыя песні беларускіх аўтараў у выкананні запрошаных артыстаў. А тым больш, ад віртуознага выканання таленавітага акардэаніста Дзмітрыя Корсака, частага і многімі любімага лучайскага госця – безумоўна нельга было ўстаяць на месцы!

luczaj_babola51luczaj_babola50 luczaj_babola53

Сапраўды, падобныя святы вельмі аб’ядноўваюць людзей. У Лучаі ўсё спрыяе, каб стаць бліжэй Бога, каб адчуць сябе сапраўднымі братамі і сёстрамі. Тут спалучаецца прыгажосць створаная Богам і прыгажосць створаная рукамі руплівых, неабыякавых людзей. А ўсё, дзякуючы нястомнаму пробашчу Мікалаю Ліпскаму, вопыт якога ужо пакрыху пераймаюць і іншыя парафіі. Надыходзячым летам Лучай чакае вас: 28 чэрвеня – на Свята сем’яў, 25-26 ліпеня – на адпуст св. Ганны і на свята, прысвечанае 250-годдзю народзін Міхаіла Клеафаса Агінскага. Да новых сустрэч!

Алена Клімза-Колтан, тэкст
Андрэй Мацур, Сяргей Вшыўкоў, Святлана Вярышка, фота

для друку для друку