Святы Айцец заклікаў вызнаваць у канфесіянале свае грахі, а не іншых

Першым крокам да атрымання Божага прабачэння з’яўляецца прызнанне сябе грэшнікам, адзначыў Папа Францішак 6 сакавіка, падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Ён перасцярог ад небяспекі пападання ў пастку нянавісці. 

Спасылаючыся на першае чытанне Літургіі слова (Дан 3, 25. 34-43), Святы Айцец адзначыў, што прарок Азарыя перад смерцю, якую павінен быў панесці за вернасць Богу Ізраіля, не скардзіцца, але ўвесь час праслаўляе Божую веліч і паказвае на корань зла, кажучы, “сёння прыніжаныя мы па ўсёй зямлі за нашыя грахі…”. Францішак адзначыў, што Азарыя абвінавачвае сябе і свой народ, чым дэманструе, што гэта з’яўляецца першым крокам на шляху да прабачэння.

“Абвінавачванне сябе з’яўляецца часткай хрысціянскай мудрасці: вінавачу не іншых, але самога сябе… я зграшыў. І калі мы набліжаемся да сакрамэнту пакаяння, давайце памятаць: вялікі ёсць Бог, Які даў нам так шмат рэчаў, і, на жаль, я зграшыў, пакрыўдзіў Пана, але прашу аб збаўленні”, — сказаў Францішак.

Святы Айцец заклікаў вызнаваць у канфесіянале свае грахі, а не іншых, таму што Пан слухае скрушанае сэрца, а тыя, што пакладаюць надзею ў Ім, “не зведаюць сораму”, як сказаў Азарыя. Таму, неабходнае вызнанне грахоў. Божая любоў пакрывае ўсе грахі і даруе ўсё.

Папа Францішак заклікаў не саромецца вызнаваць грахі, таму што Пан дорыць нам апраўданне, прабачаючы нас не адзін раз, але заўсёды. Пры адной умове, што мы даруем іншым. “І гэта не так проста, таму што нелюбоў уе сваё гняздо ў нашых сэрцах і там пануе горыч. Часта мы носім з сабой цэлы спіс рэчаў, што іншыя зрабілі нам”, — адзначыў Святы Айцец.

Папа перасцярог ад пападання ў няволю нянавісці, заклікаў заўсёды памятаць пра веліч Бога, чалавечае падзенне і асабістыя грахі, а таксама аб неабходнасці прабачэння “семдзесят сем разоў”.

Ватыканскае радыё

для друку для друку