Святы Айцец заклікаў пазбягаць несумленнасці і прагнення ўлады

papaУ добрым служэнні Пану трэба быць пільнымі, каб не паддацца несумленнасці і прагненню ўлады, сказаў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты. У сваёй гаміліі Святы Айцец спаслаўся на літургічны евангельскі ўрывак (Лк 17, 7-10), у якім Езус заклікаў вучняў, выканаўшы працу, казаць: “мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць”.

Папа адзначыў, што адной з перашкодаў для годнага служэння Пану з’яўляецца прагненне ўлады. Ён заўважыў, што часта, нават у сямейным асяроддзі, можна пачуць словы: “Тут загадваю я!”, або гэта проста даецца да зразумення блізкім. Езус, аднак, вучыць, што той, хто кіруе, павінен паводзіць сябе як слуга. “Прагненне ўлады – гэта не той шлях, каб стаць слугой Пана”, — сказаў Пантыфік.

Іншай перашкодай, паводле Святога Айца, з’яўляецца несумленнасць: “калі хтосьці жадае служыць Пану, але, у той жа час, служыць іншым рэчам”.

“Езус казаў нам, што ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Або служыш Богу, або грошам. Езус нам гэта кажа. Гэта не тое ж, што быць грэшнікам. Усе мы з’яўляемся грэшнікамі і каемся за гэта. Але быць несумленным, значыць весці двайную гульню. Граць на баку правых і левых, на баку Бога і свету. Гэта – перашкода”, — адзначыў Папа Францішак.

На думку Папы, несумленнасць і прагненне ўлады і грошай пазбаўляюць спакою, нараджаюць трывогу і садзейнічаюць марнаму ладу жыцця, жыццю напаказ, жыццю “на вітрыне”. Таму Святы Айцец заклікаў вернікаў маліцца, каб Пан адарыў сваім спакоем і пазбавіў усіх перашкодаў у служэнні.

Ватыканскае радыё

для друку для друку