Святы Айцец заклікае прасіць аб ласцы «святога сораму»

“Няхай Пан дасць нам ласку святога сораму перад абліччам спакусы амбіцый, якая закранае ўсіх, нават касцёльную супольнасць”, — маліўся папа Францішак 21 лютага 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

У сваёй гаміліі Пантыфік спаслаўся на літургічнае чытанне з Евангелля св. Марка (Мк 9,30-37), у якім Езус, прадказваючы сваю муку, заклікаў вучняў да пакоры і служэння бліжнім.

Папа заўважыў, што кожны чалавек, які жадае служыць Богу, павінен быць гатовы сустрэцца са спакусамі. Езус апавядаў вучням пра сваю смерць, а яны не разумелі і баяліся спытацца, паддаўшыся спакусе “невыканання сваёй місіі”. Таксама і Езус сустракаўся са спакусамі: напачатку Яго тройчы спакушаў д’ябал у пустыні, а затым Пётр, калі даведаўся, што Збаўца павінен памерці, нагадаў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу на тое, што ў Евангеллі, якое чыталася падчас св. Імшы, гаворка ішла пра яшчэ адну спакусу: вучні спрачаліся паміж сабой, хто большы. Калі Пан спытаўся ў іх, пра што па дарозе гаварылі, яны маўчалі, бо адчулі сорам, заўважыў Пантыфік. “Гэта былі добрыя людзі, якія хацелі ісці за Панам, служыць Пану. Але яны не ведалі, што шлях служэння быў няпростым, не быў падобным на далучэнне да пэўнай структуры, дабрачыннага таварыстыва, каб рабіць нешта добрае. Не! Гэта было нешта цалкам іншае. Яны баяліся гэтага”, — сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што спакусы марнасці існавалі ў Касцёле з самых ранніх часоў і працягваюць існаваць сёння. Ён нагадаў пра змаганні за лепшыя пасады ў арганізацыях, спрэчкі аб першаснасці ў парафіях. Па словах Папы, гэта часта прыводзіць да ачарнення іншых, што ўласціва цяперашнім часам.

Важна прасіць Бога аб ласцы сораму, згодна са словамі Езуса: “Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсіх слугою”, заўважыў Папа Францішак і заклікаў маліцца за Касцёл, каб Бог бараніў яго членаў ад хворых амбіцый, марнасці, жадання быць важнейшым за іншых.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку