Святы Айцец заклікае маліцца за сродкі масавай камунікацыі

Падчас сустрэчы з вернікамі на плошчы св. Пятра 28 мая 2017 года Пантыфік нагадаў, што ў некаторых краінах сёння адзначаецца Дзень сродкаў масавай камунікацыі. У гэтым годзе ён праходзіць на тэму: “Не бойся, бо Я з табою” (Іс 43,5).

Паводле Папы, сродкі масавай камунікацыі спрыяюць неадкладнаму распаўсюджванню навін у шырокім маштабе. “Навіны могуць быць добрымі ці кепскімі, праўдзівымі або ілжывымі. Памолімся, каб сродкі масавай камунікацыі ва ўсіх іх формах, былі сапраўды канструктыўнымі, служылі праўдзе, адкідалі прадузятасці і распаўсюджвалі надзею і давер у наш час”, — сказаў Святы Айцец.

Дзень сродкаў масавай камунікацыі – гэта адзіны сусветны дзень, устаноўлены Другім Ватыканскім Саборам, і ён святкуецца ў многіх краінах свету ў нядзелю перад урачыстасцю Спаслання Духа Святога, і сёлета прыпадае на 28 мая. Упершыню яго адзначылі 7 мая 1967 г. На гэты Дзень Пантыфік заўсёды кіруе сваё пасланне, якое публікуецца ў свята св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў, 24 студзеня.

Ян Мойсік, Ватыканскае радыё

для друку для друку