Святы Айцец заклікае дарыць сяброўства святарам і не быць «музейнымі хрысціянамі»

Быць сябрамі святароў, падтрымліваючы іх пакліканне і суправаджаючы іх служэнне, заклікаў Папа Францішак удзельнікаў 75-га міжнароднага кангрэса асацыяцыі свецкіх вернікаў “Serra Іnternational”, створанай у 1935 г. для дапамогі моладзі ў распазнанні паклікання да святарства і кансэкраванага жыцця і аказання падтрымкі святарам.

“Будзьце сапраўднымі сябрамі семінарыстаў і святароў, дэманструючы сваю любоў да іх у спрыянні пакліканням, малітве і душпастырскім супрацоўніцтве”, — пажадаў Папа і патлумачыў, што сяброўства прадугледжвае пераўзыходжанне фармальных адносін, дзяленне лёсу іншага, спагаду і нават прынясенне ў дар уласнага жыцця.

Пантыфік нагадаў, што сапраўдны сябар з тактоўнасцю і спагадай становіцца побач на шляху, уважліва слухае, ідзе далей за словы, міласэрна ставіцца да недахопаў, адпрэчвае забабоны, падзяляе шлях, дапамагаючы адчуць радасць супольнасці. Ён не ва ўсім пагаджаецца, і робіць гэта таму, што жадае дабра для іншага, кажа шчыра, гатовы дапамагчы падняцца кожны раз сябар падае. “Такое сяброўства імкніцеся дарыць таксама святарам”, — заклікаў Францішак.

Ён падзяліўся некаторымі думкамі адносна хрысціянскага паклікання. У першую чаргу, нагадаў пра важнасць імкнення наперад. “Не набліжаецца да мэты той, хто баіцца згубіць самога сябе, згодна з Евангеллем (…) Ніводзін карабель не мог бы выплыць у мора, калі б баяўся пакінуць бяспеку порту. Такім жа чынам, ніводзін хрысціянін не можа ўвайсці ў перамяняючы досвед Божай любові, калі не гатовы паставіць пад пытанне самога сябе, застаючыся прывязаным да ўласных задумаў і кансалідаваных набыткаў”, — сказаў ён.

Паводле Папы, хрысціянін здольны адкрываць здзіўляючыя ініцыятывы Бога, калі мае мужнасць і не дазваляе страху “дамінаваць над крэатыўнасцю”. “Я баюся хрысціян, якія не знаходзяцца на шляху і закрываюцца ва ўласнай нішы. Лепш крочыць кульгаючы, часам падаючы, але заўсёды давяраючы Божай міласэрнасці, чым быць “музейнымі хрысціянамі”, якія баяцца зменаў, і якія, атрымаўшы харызмат ці пакліканне, замест таго, каб паставіць сябе на служэнне вечнай навізне Евангелля, бароняць саміх сябе і ўласныя ролі”, — сказаў Папа.

Францішак прызнаўся, што яму “сумна бачыць, што часам, мы, людзі Касцёла, не здольныя пакінуць сваё месца, не можам спакойна развітацца са сваімі абавязкамі, не адважваемся ўзяць у рукі іншыя справы, якія Пан нам даверыў”.

Ватыканскае радыё

для друку для друку