Святы Айцец узначаліў кансісторый па ўзвядзенні кардыналаў

“Езус ішоў наперадзе іх”, — на гэтых словах з Евангелля св. Марка (10, 32) Папа Францішак сканцэнтраваў сваё казанне, прамоўленае 28 чэрвеня ў Ватыкане падчас звычайнага кансісторыя па ўзвядзенні ў кардынальскую годнасць пяці іерархаў. Пантыфік назваў гэтыя словы “фонам” да абраду.

Езус рашуча ідзе ў бок Ерузалема. Ён дакладна ведае, што Яго там чакае. Але існуе адлегласць паміж сэрцам Езуса і сэрцамі яго вучняў, якую можа пераадолець толькі Святы Дух. Хрыстос ведае пра гэта, і таму ён цярплівы з імі. Гаворыць з імі адкрыта і, перш за ўсё, ідзе перад імі, ідзе наперадзе іх, пракаментаваў евангельскі ўрывак Святы Айцец.

На гэтым шляху вучні занятыя клопатамі, якія не маюць нічога агульнага з “кірункам”, прынятым Езусам, з Яго воляй, цалкам згоднай з воляй Айца. Браты Якуб і Ян думаюць пра тое, як выдатна было б заняць месцы справа і злева ад Валадара Ізраіля. Яны далёкія ад рэальнасці! Яны думаюць, што ўсё бачаць, ведаюць, разумеюць, але гэта зусім не так. 

Рэальнасць зусім іншая – гэта тое, што бачыць Езус: крыж; гэта грэх свету, які Ён прыйшоў узяць на сябе, каб збавіць людзей. Ён бачыць нявінных, якія пакутуюць і паміраюць: ахвяраў войнаў і тэрарызму. Ён бачыць парушэнне чалавечай годнасці нават у эпоху правоў чалавека; лагеры бежанцаў, якія часам здаюцца больш падобнымі да пекла; сістэматычнае адчужэнне ўсяго таго, што ўжо не прыносіць выгады, уключаючы людзей, працягнуў свае разважанні Папа.

І Езус, падчас свайго шляху ў Ерузалем, разумее, што зло трэба ліквідаваць ў корані. Таму ён рашуча ідзе да крыжа. 

Францішак пажадаў новым кардыналам ісці гэтым шляхам разам Езусам, глядзець на рэчаіснасць, не дазваляючы сабе надаваць увагу іншым інтарэсам і перспектывам. “Ён не заклікаў вас быць “князямі” Касцёла, каб сядзець “праваруч ці леваруч ад Яго”. Ён заклікае вас служыць, як Ён і з Ім. Да таго, каб служыць Айцу і вашым братам і сёстрам”, — нагадаў Папа і заклікаў новых кардыналаў да малітвы, каб Святы Дух дапамог пераадолець кожную адлегласць, якая падзяляе іх сэрца з Хрыстовым.

Кардыналамі сталі малійскі арцыбіскуп Бамака Жан Жэбро; іспанец, арцыбіскуп Барселоны Хуан Хасэ Амелья-і-Амелья; швед, біскуп Стакгольма Андэрс Арбарэліус; апостальскі візітатар у Паксэ, лаосскі біскуп Луіс-Мары Лінга Мангханэкум; сальвадорац, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Сан-Сальвадор Хасэ Грыгорыа Роза Чавес.

Ватыканскае радыё

для друку для друку