Святы Айцец у гасцях у малых пацыентаў

papa_dzieciПантыфік 29 ліпеня наведаў дзіцячы шпіталь у Кракаве, дзе сустрэўся з маленькімі пацыентамі, іх бацькамі і медыцынскім персаналам. Францішак сардэчна прывітаў іх прызнаўся, што не мог не прыехаць у гэта асаблівае месца. 

“Я хацеў бы застацца трохі з кожным хворым дзіцём, пры яго ложку, абняць іх адно за адным, хоць на імгненне, каб паслухаць кожнага з вас і разам памаўчаць перад абліччам пытанняў, на якія няма хуткіх адказаў”, — сказаў Папа і спаслаўся на прыклад Хрыста, Які падыходзіў да кожнага хворага з маўчаннем, пяшчотай і малітвай.

“Наша грамадства, на жаль, забруджана культурай “адчужэння”, якая з’яўляецца супрацьлегласцю культуры гасціннасці. І ахвярамі гэтай першай з’яўляюцца найбольш уразлівыя, самыя безабаронныя – і гэта жорсткасць”, — заўважыў Святы Айцец і падзякаваў супрацоўнікам шпіталя за зусім іншы падыход. “Дзякуй за гэты знак любові, што вы сведчыце нам! Гэта прыкмета сапраўднай чалавечай і хрысціянскай культуры: паставіць у цэнтр сацыяльнай і палітычнай увагі людзей у найбольш неспрыяльным становішчы”, — дадаў ён.

“Давайце памнажаць ініцыятывы культуры гасціннасці, ініцыятывы, анімаваныя хрысціянскай любоўю, любоў да Езуса ўкрыжаванага, да Хрыстовага Цела. (…) Той, хто рэалізуе ўчынкі міласэрнасці, не баіцца смерці”, — сказаў Папа.

Францішак наведаў маленькіх пацыентаў у Аддзяленні неадкладнай дапамогі, а затым маліўся ў цішыні ў шпітальнай капліцы. Адразу адтуль ён накіраваўся на Кракаўскія лугі, каб узяць удзел у Крыжовым шляху ў рамках Сусветных дзён моладзі. 

Ватыканскае радыё

для друку для друку