Святы Айцец у Чэнстахове: пераадолець крыўды і раны мінулага

Papa_ Chenstoxovo_3Папа Францішак заклікаў польскі народ перасягнуць крыўды і раны мінулага і будаваць адзінства з усімі, не ізалюючыся і не навязваючы сваёй волі. Аб гэтым Пантыфік казаў 28 ліпеня 2016 г. падчас св. Імшы ў марыйным санктуарыі на Яснай Гары ў Чэнстахове, паведамляе Ватыканскае Радыё.

Літургія была прымеркавана да 1050-годдзя Хросту Польшчы, якое адзначаецца сёлета. У ёй прынялі ўдзел сотні тысяч вернікаў, а таксама палітычнае кіраўніцтва краіны.

У сваёй гаміліі Папа звярнуў увагу на ўпадабанне Богам прастаты і сціпласці. Ён нагадаў, што прыйсце Збаўцы на свет не было “трыумфальным уваходам”. Таксама і першы цуд Езуса не быў уражваючым жэстам, здзейсненым на паказ або “умяшальніцтвам, якое вырашыла гарачае палітычнае пытанне”. Ён адбыўся ў маленькай вёсцы і напоўніў радасцю вяселле маладой невядомай сям’і, заўважыў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што Хрыстус збаўляе становячыся малым, блізкім і канкрэтным. Ён любіць простых людзей і размаўляе мовай пакорнай любові. “Падумаем пра мноства сыноў і дачок вашага народу: пра мучанікаў, якія далі заззяць бяззбройнай моцы Евангелля; пра простых, але надзвычайных людзей, якія здолелі засведчыць аб Божай любові пасярод вялікіх выпрабаванняў; пра лагодных і рашучых прапаведнікаў міласэрнасці, такіх як св. Ян Павел ІІ і св. Фаўстына”, — сказаў Пантыфік.

Papa_ Chenstoxovo_2

“Дар тысячагоддзя” хрысціянства ў Польшчы, па словах Святога Айца, з’яўляецца нагодай для падзякі Богу за тое, што ў розных абставінах суправаджаў народ краіны. “Ваша гісторыя, спалучаная з Евангеллем, крыжам і вернасцю Касцёлу, была сведкай станоўчага ўплыву сапраўднай веры, што перадавалася з сям’і ў сям’ю, ад бацькі да сына і асабліва ад маці і бабуль, якім трэба моцна падзякаваць”, — сказаў Папа.

Пантыфік высока адзначыў глыбокую марыйную пабожнасць палякаў і падкрэсліў, што на працягу сваёй гісторыі яны маглі адчуць “канкрэтную і прадбачлівую любоў Маці ўсіх”, якая ўшаноўваецца ў санктуарыі на Яснай Гары.

для друку для друку