Святы Айцец супраць “тэатральнай” пакоры

PapaМалым гэтага свету, а не вучоным і разумным Бог раскрывае таямніцу збаўлення, — сказаў Францішак 29 лістапада падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. У сваёй гаміліі ён падкрэсліў важнасць Божай боязі, якая грунтуецца не на страху, а на пакоры.

Перш за ўсё, Пантыфік адзначыў, што ўслаўленне Айца, якое робіць у сённяшнім евангельскім урыўку Езус (Лк 10,21-24), выцякае з таго факту, што Пан адкрыў малым гэтага свету таямніцу збаўлення, таямніцу самога Хрыста. Іх сэрца на па-сапраўднаму здольнае зразумець Боскія таямніцы. Францішак дадаў, што і першае літургічнае чытанне (Іс 11,1-10) кажа пра невялікі парастак з пня Есэевага, які прынясе вызваленне, на што няздольнае ніводнае войска.

Папа адзначыў, што да малых гэтага свету з вялікім сэрцам належаць і асобы, прысутныя ў месцы Божага Нараджэння. Бо на гэтым парастку спачне Дух Божы, Дух Святы, і гэты маленькі парастак будзе мець цноту малых, якой з’яўляецца Божая боязь, але не страх. Яна азначае жыццё паводле запаведзі, якую Бог даў Абрагаму: ідзі ў маёй прысутнасці і будзь беззаганным. Божая боязь – гэта пакора. Пантыфік падкрэсліў, што толькі сціплы можа цалкам зразумець сэнс пакоры і сэнс Божай боязі, бо ідзе ўслед за Панам, адчувае, што Бог дае яму сілы ісці далей.

“Жыць хрысціянскай пакорай, гэта мець гэту Божую боязь, якая з’яўляецца крочаннем ў Божай прысутнасці, імкнучыся быць бездакорным. Пакора – гэта цнота малых гэтага свету, сапраўдная пакора, а не тая тэатральная, пра якую некаторыя кажуць: я сціплы чалавек, і ганаруся тым, што такім з’яўляюся”, — пракаментаваў Папа. Ён нагадаў аб пакоры Марыі, якая не хвалілася іншым пра тое, што сказаў ёй анёл.

“Гледзячы на Езуса, Які ўзрадаваўся таму, што Бог адкрывае сваю таямніцу пакорлівымі, мы можам папрасіць для ўсіх нас ласку пакоры, ласку Божай боязі, крочання ў Яго прысутнасці, імкнучыся быць бездакорнымі. Такім чынам, з гэтай пакорай мы можам быць пільнымі ў малітве, руплівыя ў братэрскай любові і радасныя ў глыбокай пашане да Бога”, — завяршыў сваю гамілію Святы Айцец.

Ватыканскае радыё

для друку для друку