Святы Айцец: шукайце прытулку пад плашчом Дзевы Марыі

“Я не мог не прыехаць сюды, каб пакланіцца Панне Марыі і даручыць Ёй яе сыноў і дачок. Пад Яе плашчом не губляюцца, з Яе рук зыходзяць надзея і спакой”, — сказаў Францішак 13 мая падчас урачыстай літургіі на плошчы перад базілікай Маці Божай Ружанцовай у Фаціме, з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў.

Падчас св. Імшы, на якой Францішак і Жасінта Марту былі абвешчаны святымі, Папа назваў іх прыкладам надзеі, якая палягае на веры ў Езуса Хрыста. “Дзева Марыя ўвяла іх у бязмежнае мора Божага Святла, накіроўваючы да праслаўлення Пана. З гэтага яны атрымлівалі моц, каб пераадольваць супярэчнасці і пакуты. Божая прысутнасць стала пастаяннай у іх жыцці, што яскрава бачна ў настойлівай малітве за грэшнікаў і няспынным жаданні заставацца побач з Езусам, укрытым у табернакулюме”, — адзначыў падчас гаміліі Святы Айцец.

Марыя не прыйшла, каб мы Яе ўбачылі: “для гэтага ў нас будзе цэлая вечнасць”, сказаў Папа. Прадказваючы і папярэджваючы аб пагрозе пекла, да якога вядзе жыццё без Бога, Яна аб’явілася тром партугальскім пастушкам, “каб нагадаць пра Божае Святло, якое прабывае ў нас і нас атуляе”. Па сведчаннях пілігрымаў, працягнуў Пантыфік, Фаціма і ёсць тым плашчом Святла, які нас ахінае тут, як і ў любым іншым месцы, калі прыбягаем пад заступніцтва Дзевы Марыі і просім, каб паказала нам Езуса.

“Нібы дзеці, што шукаюць у Яе прытулку, давайце жыць надзеяй, якая палягае на Езусе, бо, як пачулі ў другім чытанні, “тыя, якія атрымалі шчодрую ласку і дар справядлівасці, будуць валадарыць у жыцці дзякуючы аднаму – Езусу Хрысту” (Рым 5,17).

Францішак запрасіў вернікаў дзякаваць Марыі за шматлікія ласкі, якімі на працягу ста гадоў з моманту свайго аб’яўлення ў Фаціме адорвае Партугалію і ўвесь свет, і заклікаў кожнага сваім прыкладам і жыццём служыць “рэальнай і дзейснай” надзеяй для іншых.

Урачыстая літургія прайшла на лацінскай і партугальскай мовах у прысутнасці шматлікіх мясцовых вернікаў і пілігрымаў з усяго свету. Удзел у св. Імшы таксама прымалі прэзідэнты Партугаліі, Парагвая і астраўной афрыканскай краіны Сан-Тамэ і Прынсіпі.

Францішак стаў чацвёртым Пантыфікам, які наведаў санктуарый. У 1967 г. тут быў Павел VI, у 1982 г., 1991 г., і 2000 г. – Ян Павел ІІ, а ў 2010 г. – Бэнэдыкт XVI.

Ватыканскае радыё

для друку для друку