Святы Айцец прыняў Прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі

24 мая 2017 года раніцай Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Дональда Трампа, Прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі. Пасля сустрэчы з Пантыфікам адбылася размова палітыка з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, суправаджаў якога арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі.

Падчас шчырых размоў было выказана задавальненне з нагоды добрых двухбаковых адносін паміж Святым Пасадам і Злучанымі Штатамі Амерыкі, а таксама сумеснага імкнення на карысць жыцця і свабоды веравызнання і сумлення. Было выказана спадзяванне на добрае супрацоўніцтва паміж дзяржавай і Каталіцкім Касцёлам у ЗША ў служэнні чалавеку ў галінах аховы здароўя, адукацыі і дапамогі мігрантам.

Адбыўся абмен думкамі па розных пытаннях, якія тычацца міжнародных адносін і ўмацавання міру ва ўсім свеце шляхам палітычных перамоў і міжрэлігійнага дыялогу, з асаблівым акцэнтам на сітуацыю на Блізкім Усходзе і абарону хрысціянскіх супольнасцяў, гаворыцца ў спецыяльнай заяве Святога Пасаду.

Трамп стаў дваццатым Прэзідэнтам ЗША, якога прынялі ў Ватыкане. Дыпламатычныя адносіны паміж ЗША і Святым Пасадам былі ўсталяваны ў 1984 г. Гэтаму паспрыяла сустрэча Рональда Рэйгана з Янам Паўлам II, пасля якой было заяўлена, што прынцыпы, на якіх заснаваны Злучаныя Штаты, у цэлым “раўналежныя” прынцыпам Святога Пасаду.

Ватыканскае радыё

для друку для друку