Святы Айцец прыняў даследчыкаў асобы Лютэра

Папа Францішак лічыць, што хрысціяне павінны пазбавіцца падазроных поглядаў у адносінах да іншых канфесій і разам прасіць Бога аб ласцы прымірэння. Аб гэтым ён сказаў, прымаючы на аўдыенцыі ў Ватыкане 31 сакавіка 2017 года щдзельнікаў міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 500-годдзю Рэфармацыі. Форум быў арганізаваны Папскім камітэтам гістарычных навук.

Тое, што католікі і лютэране размаўляюць разам па ініцыятыве структуры Апостальскай Сталіцы, з’яўляецца плёнам дзейнасці Святога Духа, “Які пераўзыходзіць любыя бар’еры і ператварае канфлікты ў магчымасць для ўзрастання ў адзінстве”, сказаў Пантыфік.

“Сур’ёзнае вывучэнне асобы Лютэра і яго крытыкі тагачаснага Касцёла і папства, безумоўна спрыяе пераадоленню той атмасферы недаверу і суперніцтва, якая на працягу доўгага часу, у мінулым, характарызавала адносіны паміж католікамі і пратэстантамі. Уважлівае і дакладнае вывучэнне, свабоднае ад забабонаў і ідэалагічных палемік, дазваляе сёння Цэрквам у дыялогу вылучыць і прыняць тое станоўчае і легітымнае, што было ў Рэфармацыі, а таксама дыстанцыявацца ад памылак, перагібаў і няўдач, прызнаючы грахі, якія прывялі да падзелу”, — сказаў Папа.

Падкрэсліўшы, што мінулае не можа быць зменена, Францішак адзначыў магчымасць “ачышчэння памяці” і “расповеду гэтай гісторыі іншым чынам”, без слядоў “тых крыўдаў за спазнаныя раны, які скажаюць погляд, які маем адзін на аднаго”.

“Сёння, як хрысціяне мы пакліканы вызваліцца ад забабонаў адносна веры, якую іншыя вызнаюць з іншымі акцэнтамі і стылем, прабачыць адно аднаго за здзейсненыя нашымі айцамі правіны і разам прасіць Бога аб дары прымірэння і адзінства”, — пажадаў Пантыфік на заканчэнне сваёй прамовы.

Трохдзённая канферэнцыя, прысвечаная постаці Марціна Лютэра і Рэфармацыі ў гісторыка-эклезіяльным кантэксце завяршыла сваю працу ў Ватыкане 31 сакавіка 2017 г. У ёй прымалі ўдзел гісторыкі і тэолагі з Ватыкана, Італіі, Іспаніі, Германіі, Францыі, Галандыі і Мексікі.

Ватыканскае радыё

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі