Святы Айцец пра сціпласць і беднасць Касцёла

REUTERS1133053_ArticoloКасцёл павінен быць сціплым, бедным, давяраючым Богу, лічыць Папа. 15 снежня ён узначаліў ранішнюю св. Імшу у капліцы Дому св. Марты. У гаміліі Францішак падкрэсліў, што беднасць з’яўляецца першым з благаслаўленняў, і дадаў, што сапраўднае багацце Касцёла, гэта бедныя, а не грошы ці зямная ўлада.

Святы Айцец, са спасылкай на сённяшняе Евангелле (Мц 21,28-32), перасцярог перад спакусамі, якія могуць сказіць сведчанне Касцёла. Ён адзначыў, што нават у сённяшнім першым чытанні, узятым з Кнігі прарока Сафоніі (Саф 3, 1-2. 9-13), можна ўбачыць наступствы нячыстасці і бунту супраць Бога.

Францішак адзначыў, што Касцёл, калі жадае быць верным Богу, павінен заставацца сціплым, бедным і давяраючым Яму. Папа адзначыў, што пакора, гэта, перш за ўсё, прызнанне сваіх грахоў. “Калі нехта прызвычаіўся бачыць недахопы іншых і пляткарыць пра іх, ён не мае сціпласці, лічыць сябе суддзёй іншых”, — сказаў Папа, заахвоціўшы да малітвы ў інтэнцыі асабістай пакоры.

Гаворачы аб беднасці, Пантыфік адзначыў, што “ўбогія духам”, гэта тыя, хто прывязаны выключна да “Божых багаццяў”. Такім чынам, не можна пагадзіцца на тое, каб Касцёл быў прывязаны да грошай, думаў пра грошы, як іх зарабіць. Францішак падкрэсліў, што, напрыклад, за пераход праз Святыя Дзверы не можна патрабаваць грошай. Ён нагадаў прыклад рымскага дыякана св. Лаўрэна, які на просьбу імператара, прынесці багацці Касцёла, каб выратаваць сваё жыццё, прывёў да яго бедных. “Бедныя – гэта багацце Касцёла”, — падкрэсліў Папа. Ён адзначыў, што беднасць з’яўляецца дыстанцыраваннем ад матэрыяльных выгод, каб служыць тым, хто жыве ў нястачы, іншым людзям.

Пантыфік адзначыў, што яшчэ адной уласцівасцю, якой павінен валодаць Касцёл, з’яўляецца давер да Бога, Які ніколі не падвядзе. Пра гэта сведчаць словы першага чытання: “І пакіну сярод цябе народ пакорны і бедны, і яны будуць шукаць прытулку ў імені Пана” (Саф 3, 12). Таму Касцёл павінен быць пакорлівым, адчуваць сваю грэшнасць, убогасць, а яго сэрца павінна быць прывязана толькі да багацця Божага. І калі ў яго ёсць уласнасць, то толькі для таго, каб кіраваць ім для патрэб бедных, давяраючы Богу. Касцёл не можа забывацца, што толькі Бог можа забяспечыць тым, што для яго добрае. Святы Айцец адзначыў, што першасьвятары не разумелі гэтага, і таму Езус павінен быў сказаць ім, што грэшнікі перад імі ўвойдуць ў Валадарства Нябеснае.

“У гэты перыяд чакання Пана, Божага Наражэння, будзем прасіць Яго даць нам пакорлівае сэрца, сэрца беднае, і, перш за ўсё, сэрца, якое давярае Яму, бо Ён ніколі не падвядзе”, — заклікаў падчас гаміліі папа Францішак.

Ватыканскае радыё

для друку для друку