Святы Айцец памаліўся за ахвяраў землятрусу ў Італіі

zemliatrusПадчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 24 жніўня Папа Францішак правёў ружанцовую малітву з вернікамі ў інтэнцыі ахвяраў моцнага землятрусу, які адбыўся ноччу ў цэнтральнай Італіі.

“Я падрыхтаваў сённяшнюю катэхезу, на тэму блізкасці Езуса, як і кожную сераду гэтага Году Міласэрнасці. Але перад навінамі аб землятрусе, які адбыўся ў цэнтральнай Італіі, разбурыўшы цэлыя раёны і пакінуўшы загінуўшых і параненых, не магу не выразіць свой глыбокі смутак і блізкасць усім прысутным у месцах, якія пацярплелі, усім, хто згубіў сваіх блізкіх і хто, яшчэ прыбывае у стане шоку, напужаны і спалоханы”, — сказаў Папа.

Францішак прызнаўся што быў глыбока засмучаны тым фактам, што сярод загінуўшы ёсць дзеці. Ён запэўніў жыхароў пацярпеўшых ад землятрусу тэрыторый у блізкасці Касцёла.

“Дзякуючы ўсім валанцёрам і супрацоўнікам Грамадзянскай абароны, якія аказваюць дапамогу гэтым людзям, прашу вас далучыцца да мяне ў малітве, каб Пан Езус, які заўсёды чулы да пакутаў людзей, суцешыў гэтыя засмучаныя сэрцы і адарыў іх спакоем праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі”, — сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што з падрыхтаванай катэхезай звярнецца да вернікаў у наступную сераду. Разам з прысутнымі на плошчы св. Пятра ён памаліўся на ружанцы і ўдзяліў ім сваё благаслаўленне.

Землятрус магнітудай 6,0 па шкале Рыхтэра адбыўся ноччу 24 жніўня на мяжы рэгіёнаў Лацыё і Умбрыя. Найбольш пацярпелі населеныя пункты Акумолі, Аматрычэ і Аркуата-дэль-Тронто. Паводле папярэдніх дадзеных, загінулі па меншай 22 чалавека і каля 100 атрымалі раненні. Гэтыя лічбы могуць быць значна большымі, паколькі мноства людзей працягвае знаходзіцца пад заваламі.

Ватыканскае радыё

для друку для друку