Святы Айцец падзяліўся сакрэтам добрай гаміліі

papaПапа Францішак яшчэ з семінарыйных часоў перакананы, што прамаўляючы гамілію, святар павінен глядзець не ў “паперку”, а ў вочы вернікаў. “Яшчэ сёння я шукаю вачэй людзей, таксама і тут, на плошчы св. Пятра”, — сказаў ён у інтэрв’ю кс. Антоніа Спадара, галоўнаму рэдактару італьянскага часопіса “La Civiltà Cattolica”. 

Тэкст размовы быў змешчаны ў якасці прадмовы да кнігі “У тваіх вачах маё слова”, прадстаўленай 10 лістапада 2016 года ў Рыме. Выданне з’яўляецца зборнікам гамілій Папы Францішка за перыяд яго служэння на пасадзе арцыбіскупа Буэнас-Айрэса ў 1999-2013 гг.

Каментуючы сваю звычку адрывацца ад загадзя падрыхтаванага тэксту прамовы, Пантыфік адзначыў, што мае ў гэтым патрэбу. “Раблю гэта як умею, але вельмі гэтага патрабую, адчуваю патрэбу адыйсці ад тэксту, каб паглядзець у вочы”, — прызнаўся ён.

Папа распавёў, што свае гаміліі для ранішніх св. Імшаў пачынае рыхтаваць напярэдадні. Спачатку ён выбірае літургічны тэкст, які будзе каментаваць, затым чытае яго ў голас, бо мае патрэбу ў тым, каб пачуць гучанне слова, а затым пазначае ў сваім нататніку тыя словы, якія яго найбольш узрушылі і разважае над імі. Святому Айцу дапамагаюць творы розных пісьменнікаў і паэтаў, сярод якіх: Фёдар Дастаеўскі, Ніна Коста, Дантэ Аліг’еры.

Яшчэ адным сакрэтам добрай гаміліі, паводле яго, з’яўляецца блізкасць да людзей. “Чым бліжэй знаходзішся да людзей, тым лепш прамаўляеш казанні і набліжаеш Божае слова да іх жыцця”, — сказаў Папа Францішак.

Ватыканскае радыё

для друку для друку