Святы Айцец народу Шры-Ланкі: перамагаць зло дабром і жыць як адна сям’я

zvQXzaOyLRoМіра, згоды і зажыўлення ран нанесеных грамадзянскай вайной пажадаў папа Францішак народу Шры-Ланкі ў сваім першым звароце, прамоўленым у аэрапорце Каломба 13 студзеня 2015 г. Святы Айцец назваў Шры-Ланку “пярлінай Індыйскага акіяна” і пасля прывітання кіраўніка дзяржавы патлумачыў мэту свайго падарожжа.

“Мой візіт перш за ўсё з’яўляецца душпастырскім. Як паўсюдны пастыр Каталіцкага Касцёла, я прыбыў каб падтрымаць католікаў гэтага вострава і маліцца разам з імі”, сказаў ён. Пантыфік адзначыў, што падзяляе імкненне мясцовай каталіцкай супольнасці да быцця актыўнай часткай грамадства. Кульмінацыяй візіту ў краіну стане кананізацыя Джозэфа Ваза, які сёння, паводле слоў Святога Айца з’яўляецца прыкладам любові і павагі да кожнага чалавека, незалежна ад яго этнічнай ці рэлігійнай прыналежнасці.

Шры-Ланка гадамі пакутавала ад жахаў грамадзянскай вайны, а зараз намагаецца залячыць раны і кансалідавацца ў міры. “Гэта пастаянная трагедыя нашага свету, калі многія супольнасці знаходзяцца ў вайне паміж сабой. Няздольнасць пагадзіцца ў адметнасцях і рознагалоссях прыводзіць да этнічных і рэлігійных канфліктаў, якія суправаджаюцца выбухамі насілля”, сказаў Пантыфік.

Паводле Папы, спадчыну пакінутую канфліктам пераўзыйсці нялёгка, але для гэтага варта заўсёды перамагаць зло дабром і жыць, выпрацоўваючы цноты якія спрыяюць згодзе, міру, салідарнасці і імкнуцца да праўды. “Фундаментальна, каб усе члены грамадства працавалі разам, каб усе мелі голас, прымаючы адно аднаго і навучаючыся жыць як адзіная сям’я: адметнасць – гэта не пагроза, але крыніца ўзбагачэння”, адзначыў ён.

Напрыканцы прамовы Францішак прызнаўся, што перакананы ў важнасці ролі рэлігійных лідэраў у працэсе прымірэння і аднаўлення краіны. Фундаментальным з’яўляецца спрыянне чалавечай годнасці, клопат аб матэрыяльных патрэбах кожнага і паляпшэнне інфраструктуры, адзначыў Папа і пажадаў, каб яго прабыванне ў Шры-Ланцы стала знакам сяброўствам, дыялога і салідарнасці.

Пасля цырымоніі прывітання ў аэрапорце Пантыфік накіраваўся ў будынак Апостальскай нунцыятуры ў Каломба. На вуліцах горада яго віталі сотні тысяч людзей, з якімі Папа жадаў падзяліцца знакамі павагі і любові. Па прычыне недахопу часу, яму прыйшлося адмяніць адзін з пунктаў свайго візіту – сустрэчу з мясцовым епіскапатам, у якой, замест Святога Айца, прыняў удзел кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

Ватыканскае радыё

для друку для друку