Святы Айцец: малітва – не чарадзейная палачка

PapaПра значэнне трывалай малітвы, якая дазваляе спазнаць Божую спагаду і міласэрнасць, казаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 25 мая 2016 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

У сваёй катэхезе Пантыфік спаслаўся на прыпавесць пра несумленнага суддзю і ўдаву, якая дамагалася справядлівасці (Лк 18,1-8). Паводле слоў Францішка, гэта евангельскае апавяданне ўтрымлівае важнае павучэнне: “трэба заўсёды маліцца і не падаць духам”.

“Перад абыякавасцю суддзі, удава звяртаецца да сваёй адзінай зброі: настойліва працягвае дакучаць яму, прадстаўляючы сваю просьбу аб справядлівасці. І менавіта дзякуючы гэтай настойлівасці дасягнула сваёй мэты. У пэўны момант суддзя выслухаў яе, але не таму што кіраваўся міласэрнасцю і не таму што яму гэта падказала сумленне. Ён сам прызнаўся: “паколькі гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне”, — нагадаў Папа.

Францішак заўважыў, што з гэтай прыпавесці Езус робіць выснову: калі ўдава здолела схіліць несправядлівага суддзю сваімі настойлівымі просьбамі, наколькі ж больш Бог, які з’яўляецца добрым і справядлівым Айцом, “абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч” і нават не “будзе марудзіць у іх справе”, але ўмяшаецца “неўзабаве”.

“Па гэтай прычыне Езус нас заклікае да “нястомнай” малітвы. Мы ўсе перажываем моманты стомленасці і прыгнечанасці, асабліва калі нашы малітвы здаюцца бясплённымі. Але Езус нас запэўнівае: у адрозненні ад несумленнага суддзі, Бог неадкладна выслухае сваіх дзяцей, хоць гэта не азначае, што Ён ўчыніць усё так і калі мы гэтага пажадаем. Малітва – гэта не чарадзейная палачка! Яна дапамагае захоўваць веру ў Бога і давяраць Яму, нават калі не разумеем Яго волі”, — сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што прыклад такой трывалай малітвы і даверу да Бога дае сам Езус, сваёй паставай у Аліўным садзе.

“Ахоплены надыходзячым неспакоем, Езус маліўся да Айца, каб адхіліў ад Яго горкі келіх мукі, але Ягоная малітва была прасякнута даверам да Айца і Ён да канца аддаўся Яго волі: “але не чаго Я хачу, а чаго Ты”, кажа Езус. Аб’ект малітвы адыходзіць на другі план; тое, што было для Яго важней за ўсё – гэта адносіны з Айцом.

Вось, што робіць малітва: перамяняе жаданне і фарміруе яго паводле волі Бога, якой бы яна не была, бо хто моліцца імкнецца перш за ўсё да з’яднання з Ім, міласэрнай Любоўю”, — сказаў Папа.

Напрыканцы сваёй катэхезы Францішак заклікаў вучыцца нястомнай малітве, каб спазнаць спагаду Бога, які як Айцец выходзіць насустрач сваім дзецям, поўны міласэрнай любові.

для друку для друку