Святы Айцец: глухата да Божага слова – шлях да амаральнасці

Не паддацца глупству, якое заключаецца ў няздольнасці слухаць Божае слова і вядзе да амаральнасці, заклікаў Папа Францішак 17 кастрычніка 2017 года падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. Ён нагадаў, што Езус са смуткам плакаў, калі выбраны Богам народ аддаваў перавагу ілюзіям, ідалам ці ідэалогіям.

У гаміліі Папа заўважыў, што ў літургічных урыўках, якія чыталіся падчас св. Імшы, двойчы гучала слова “неразумныя”. Хрыстус скіроўваў яго да фарысеяў (Лк 11,37-41), а св. Павел да язычнікаў (Рым 1,16-25). Апостал Народаў ужываў яго таксама да галатаў (Гал 3,1), таму што дазволілі падмануць сябе “новымі ідэямі”. Францішак падкрэсліў, што гэта слова, больш звяртае ўвагу, чым асуджае.

Езус казаў настаўнікам Закону, што яны падобныя на “пабеленыя труны”, бо клапаціліся толькі пра “ўпрыгожванне таго, што звонку”, а не ўнутры. Яны былі сапсутыя марнасцю, тым, што вонкавае: знешняй прыгажосцю і знешняй справядлівасцю. У той час, як язычнікі былі сапсутыя ідалапаклонствам, замяняючы хвалу Божу, якую маглі пазнаць з дапамогай розума, на ідалаў, сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў пра існаванне сучасных форм ідалапаклонства, да якіх адносіцца кансумізм, пастаянны пошук выгады. Ёсць таксама і вернікі, якія паддаліся маральнаму разладу праз разуменне хрысціянства як ідэалогіі. Гэта значыць перасталі быць хрысціянамі, ператвараючыся ў ідэолагаў хрысціянства. Пантыфік назваў глупствам няздольнасць слухаць Божае слова.

“Неразумны не слухае. Ён перакананы , што слухае, але гэтага не адбываецца. Заўсёды робіць тое, што хоча. Таму Божае слова не можа ўвайсці ў сэрца і тут няма месца для любові. А нават калі ўвойдзе, уваходзіць па кроплі, перамененае маім разуменнем рэчаіснасці. Неразумныя не ўмеюць слухаць. Гэта глухата вядзе іх да амаральнасці. Не ўваходзіць Божае слова, няма месца для любові і, нарэшце, няма месца для свабоды”, — сказаў Пантыфік.

Францішак перакананы, што сёння шмат неразумных хрысціян і пастыраў. Ён нагадаў, што св. Аўгустын часта папракаў апошніх за неразумнасць, якая наносіць вялікую шкоду ўсяму статку. Перад абліччам гэтай з’явы Папа заклікаў глядзець на Пана, які заўсёды стаіць каля дзвярэй, стукае і чакае.

“Калі мы паддаемся гэтаму глупству, аддаляемся ад Хрыста, Ён заўсёды смуткуе з нашай прычыны. Езус, смуткуючы, плакаў над Ерузалемам: гэта быў смутак з прычыны народа, які Бог выбраў, палюбіў, але які аддаліўся ад Яго праз неразумнасць, бо аддаў перавагу ілюзіям, ідалам ці ідэалогіям”, — сказаў на заканчэнне гаміліі Святы Айцец.

Ватыканскае радыё

для друку для друку