Святы Айцец даў парады каталіцкім журналістам

Каталіцкія журналісты павінны вучыць думаць, быць уважлівымі да сацыяльных праблем і не зводзіць вобраз рэчаіснасці да пэўнай «карыкатуры», падкрэсліў Папа Францішак падчас сустрэчы з кіраўніцтвам і супрацоўнікамі газеты італьянскага епіскапату «Avvenire».

Аўдыенцыя адбылася 1 мая 2018 г. у Клементыйскай зале ватыканскага Апостальскага палацу і была прымеркавана да 50-годдзя выдання.

Пантыфік заклікаў журналістаў не задавольвацца бачаннем таго, што бачаць усе іншыя, і не пакідаць па-за ўвагай нікога. «Няхай ніхто не вызначае вашу павестку дня, акрамя бедных, апошніх і пакутуючых. Не памнажайце шэрагі тых, хто спяшаецца распавесці пра тую частку рэчаіснасці, якая ўжо асветлена сафітамі свету. Пачынайце з перыферый, усведамляючы, што яны з’яўляюцца не канцом, а пачаткам горада», — сказаў Папа.

Папа Францішак звярнуў увагу пра працэсы рэарганізацыі, якія перажываюць СМІ італьянскага епіскапата ў сувязі з новымі магчымасцямі і патрэбамі «лічбавай культуры». Ён падкрэсліў, што аналагічныя працэсы адбываюцца ў камунікацыйнай сістэме Апостальскай Сталіцы. Паводле Папы Францішка, у гэтым кантэксце варта пазбягаць нездаровай прывязанаці да мінулага. «Сапраўднымі служыцелямі традыцый з’яўляюцца тыя, хто памятаючы пра іх, здольны распазнаваць знакі часу і адкрывацца на новыя этапы шляху», — сцвердзіў ён.

Святы Айцец заклікаў журналістаў не стамляцца «з пакорай шукаць праўду», абапіраючыся на евангельскае пасланне. Спасылаючыся на словы Паўла VI ён заўважыў, што каталіцкія выданні павінны вучыць чытачоў думаць і выносіць суджэнні. Пры гэтым трэба пазбягаць празмернай строгасці, якая «душыць і знявольвае», не змяшчаць «у клетку Святога Духа», але «дазваляць Яму распрасцерці крылы, каб можна было Ім дыхаць у глыбіні душы». Трэба рабіць так, каб «рэальнасць ніколі не саступала месца ілюзіям, прыгажосць – вульгарнасці, сацыяльнае сяброўства – канфліктнасці», лічыць Пантыфік.

Папа Францішак звярнуў увагу на хуткасць патокаў інфармацыі ў сучасным свеце, якая нават пераўзыходзіць здольнасць яе асэнсавання. Ён заклікаў журналістаў пазбягаць павярхоўнай інфармацыі, але «адбудоўваць кантэксты і тлумачыць прычыны», спрыяючы сустрэчы паміж людзьмі і меркаваннямі.

«Як Касцёл мы таксама падвергнуты ўздзеянню і ўплыву культуры ўсяго хуткага і павярхоўнага: больш чым досвед, цэніцца тое, што спантаннае, што знаходзіцца на адлегласці выцягнутай рукі і можа быць спажыта неадкладна; больш чым параўнанню і глыбокаму аналізу, мы рызыкуем паддацца душпастырству апладысментаў, уніфікацыі мыслення, распаўсюджанай дызарыентацыі меркаванняў, якія не сустракаюцца паміж сабой», — сказаў ён.

Святы Айцец заклікаў журналістаў глыбока разважаць аб працэсах, якія адбываюцца ў грамадстве, даючы голас каштоўнасцям, якія ўкаранёныя ў “калектыўнай памяці, а таксама культурных і духоўных скарбах народа”. Неабходна “спрыяць нясенню ў сацыяльны, палітычны, эканамічны свет чуласці і прынцыпаў сацыяльнага вучэння Касцёла”, з вернасцю даючы ім тлумачэнне і сведчанне, лічыць ён.

Паводле Папы Францішка, для супрацоўнікаў сферы камунікацыі важнай з’яўляецца здольнасць «адключацца ад шуму гэтага свету і сваёй уласнай балбатні», каб у слуханні і разважанні адкрывацца на словы і гісторыю іншага чалавека. Варта «знайсці сэнс у здаровай павольнасці, супакоі і цярплівасці», каб не згубіць уласныя «культурныя карані» і быць здольнымі заўважаць аблічча Хрыста ў абліччах людзей, сказаў Папа.

Яшчэ адна парада Пантыфіка тычылася адкрытасці на дыялог, які дазваляе перамагчы падазрэнні і страх. «Дыялог аб’ядноўвае, устанаўлівае адносіны, развівае культуру ўзаемнасці. Касцёл, калі становіцца будаўніком дыялогу, ачышчаецца і атрымлівае дапамогу ў разуменні веры», — перакананы Святы Айцец.

«Avvenire» была заснавана 4 снежня 1968 г. у Мілане па ініцыятыве папы Паўла VI, які лічыў неабходным стварыць газету, якая выконвала бы функцыю «прылады евангелізацыі і дыялогу з сучасным светам». У апошнія гады яна знаходзіцца на сёмым месцы сярод самых папулярных італьянскіх перыядычных выданняў.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку