Святы Айцец: багацці не даюць сапраўднай радасці

Papa-bagacceХрысціянін жыве ў радасці і захапленні дзякуючы ўваскрасенню Езуса Хрыста, падкрэсліў папа Францішак 23 мая падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Паводле слоў Святога Айца, хрысціянская радасць грунтуецца на надзеі прынесенай Хрыстом, а не на прывязанасці да зямных дабротаў. 

“Ідэнтыфікацыйная картка хрысціяніна – гэта радасць, евангельская радасць, радасць быцця выбранымі Езусам, збаўленымі Езусам, адроджанымі Езусам; радасць у надзеі на тое, што Езус нас чакае, радасць – якая нават у крыжах і пакутах гэтага жыцця выражаецца іншым чынам – у спакойнай ўпэўненасці, што Езус нас суправаджае, што ён з намі”, — сказаў Пантыфік.

У сваёй гаміліі Францішак спаслаўся на евангельскае апавяданне пра сустрэчу Хрыста з багатым юнаком (Мк .10,17-27). Францішак заўважыў, што словы Езуса: “прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе”, засмуцілі гэтага чалавека і ён “адышоў маркотны”. Прывязанасць да зямных дабротаў сее смутак у сэрцы. “Багацці не кепскія самі па сабе: але служэнне ім – гэта загана”, — падкрэсліў Папа.

“Калі ў нашых парафіях, нашых супольнасцях, нашых структурах, мы бачым людзей, якія называюць сябе хрысціянамі і хочуць быць імі, але з’яўляюцца смутнымі – штосьці нядобрае там адбываецца. Мы павінны дапамагчы ім знайсці Езуса, пазбавіць гэтай маркотнасці, каб маглі радавацца Евангеллю, маглі мець евангельскую радасць!”, — сказаў Папа.

Святы Айцец параіў не шукаць шчасця ў рэчах, якія прыносяць смутак, але захоўваць у сабе радаснае захапленне тым фактам, што мы былі збаўлены ад жыцця ў прывязанасці да дабротаў і марнасці, што адлучаюць ад Езуса. 

Напрыканцы сваёй гаміліі Папа заклікаў прасіць у Бога, каб захаваў ад пошуку шчасцяў ў рэчах, якія вядуць да смутку: абяцаюць шмат, але не даюць нічога.

Ватыканскае радыё

для друку для друку