Святы Айцец адзначаны Ордэнам Усмешкі

order_usmiechuПапа Францішак адзначаны міжнародным дзіцячым Ордэнам Усмешкі, паведаміў Міжнародны капітул* Ордэна Усмешкі. «Ён адкрыты для дзяцей і мы заўсёды можам на яго разлічваць», — пераконвалі дзеці, якія папрасілі аб гэтай узнагародзе для Францішка.

Як паведамляе gosc.pl, на вясновым пасяджэнні Міжнародны капітул Ордэна Усмешкі прыняў шэсць новых прызначэнняў. Просьбу аб узнагародзе для Папы Рымскага склалі польскія дзеці. Адна з просьбаў — ад імя 21-месячнай Юліі – менавіта яе бацькоў. «Папа Францішак — чалавек вельмі сціплы, а разам з тым і чалавек вялікага сэрца (…) Дзякуючы яму наша дачка вырасце здаровай. Фінансавая дапамога Папы дала ёй магчымасць хадзіць уласнымі ножкамі», — напісалі яны.

У сваіх лістах дзеці падкрэслівалі, у прыватнасці, што «Святы Айцец любіць кожнага чалавека, сцвярджае, што асаблівай павагай трэба акружаць дзяцей. Папа такі мілы, калі хто-небудзь хоча ад яго дапамогі, то ён яе атрымае, а асабліва дзіця. Мы перакананыя, што калі б хтосьці з нас меў патрэбу ў дапамозе, то ён бы нам не адмовіў».

Дзеці, якія падалі прашэнне на Ордэн Усмешкі для Папы, нагадалі таксама і тое, што ён аддаў на аўкцыён матацыкла Харлей-Дэвідсан, прызначыўшы сродкі ад продажу на дапамогу дзецям з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дафінансаваў кошт закупкі ліфта ў пачатковую школу і гімназію «Заўсёды разам» у Познані, падарыў аўтаручку і швейцарскі гадзіннік для аўкцыёну фонду Ганны Дымнай «Насуперак усяму», а за тры гады свайго пантыфікату двойчы прыняў удзел у акцыі «Высакародная пасылка».

«Папа Францішак пратэстуе супраць пераследу дзяцей-альбіносаў у Афрыцы. Відаць, што для яго дзеці — самыя важныя. Ён заступаецца за дзяцей, якіх б’юць і кідаюць. Ён не лічыць, што даросламу ўсё можна. (…) Ён клапоціцца не толькі аб матэрыяльных рэчах, але і пра духоўнае жыццё; размаўляючы з дзецьмі, спасылаецца на сутнасць быцця лепшым і дапаможным, на ўзор Езуса. Ён адкрыты для дзяцей і мы можам на яго разлічваць», — пісалі дзеці ў абгрунтаванні сваіх уяўленняў.

Капітул пастанавіў, што Папа Францішак атрымае Ордэн Усмешкі па пасведчанні нумар 1000.

Гэтым ордэнам адзначалі таксама і св. Яна Паўла II. Папа прыняў гэты ордэн, хоць у цэлым ён адмаўляўся ад любых узнагарод. Ян Павел II быў 267-м кавалерам, па просьбе сляпых дзяцей з Кракава і Лясэк, якая была напісана шрыфтам Брайля.

Капітул Ордэна Усмешкі — адзінай узнагароды, якую прызначаюць па просьбе дзяцей, — збіраецца двойчы ў год, восенню і вясной. На кожным пасяджэнні вызначаюцца некалькі ўзнагарод. Штогод капітул атрымлівае ад некалькіх сотняў да тысячы просьбаў.

Ордэн Усмешкі прызначаюць з 1968 года. З просьбамі могуць звяртацца толькі асобы, маладзейшыя за 18 гадоў.

Да кавалераў Ордэна Усмешкі адносяцца таксама, сярод іншых, Далай-лама XIV, Маці Тэрэза з Калькуты, кс. Ян Твардоўскі, жонка эміра Катара, кароль Саудаўскай Аравіі. Самым маладым кавалерам ордэна стаў у 1994 годзе 23-гадовы тады Марэк Міхаляк — цяперашні спікер правоў дзіцяці і канцлер Міжнароднага капітула Ордэна Усмешкі. Найстарэйшым чалавекам у спісе ўзнагароджаных стала 97-гадовая Ірэна Сэндлер у 2007 годзе.

Узнагароджаны прымае маленькі ордэн з выявай вясёлага жоўтага сонейка, чырвоную ружу і павінен выпіць келіх свежага цытрынавага соку з усмешкай і не зморшчыцца. Гэтай цырымоніі прытрымліваюцца і па сённяшні дзень.

Piotr Fronczewski

Пётр Франчэўскі, польскі акцёр тэатра і кіно, атрымлівае Ордэн Усмешкі, 2015 год

У 2006 годзе Ордэн Усмешкі быў уручаны адзінаму з беларусаў — артысту Гродзенскага тэатра лялек і спеваку Віктару Шалкевічу.

*Капітул — гэта міжнародная рада, якая засядае ў Варшаве і выбірае лаўрэата Ордэна Усмешкі.

для друку для друку