Святы Айцец адзначае 25-годдзе біскупскага пасвячэння

Тры словы: “устань”, “паглядзі”, “жыві надзеяй”, сталі для Францішка натхненнем для гаміліі, якую ён прамовіў 27 чэрвеня 2017 г. падчас урачыстай Эўхарыстыі ў Паўлінскай капліцы Апостальскага палацу. Яна была прымеркавана да 25-й гадавіны біскупскага пасвячэння Папы і прайшла пры ўдзеле кардыналаў, прысутных у гэты час у Рыме.

У пачатку св. Імшы Святога Айца павіншаваў дэкан Калегіі кардыналаў, кардынал Анджэла Садана.

У імправізаванай гаміліі, Францішак спаслаўся на постаць Абрагама. Ён адзначыў, што  будучы патрыярх ізраільскага народа быў прыкладна таго ж узросту, што і сабраныя кардыналы. Папа падкрэсліў, што, хоць некаторыя сцвярджаюць, што Касцёлам кіруюць старыя, пакліканне сапраўднага пастыра – быць дзядулем, які дзеліць свае мары з маладымі. “Пастыры не павінны быць закрытымі; яны пакліканы да адкрытасці, як старцы Сімяон і Ганна”, — сказаў Пантыфік.

Перад сваім пастырскім бласлаўленнем Святы Айцец падзякаваў прысутным за супольную малітву, просячы прабачэння за свае грахі. Ён маліўся за трываласць у веры, надзеі і любові.

20 мая 1992 г. папа Ян Павел II прызначыў 55-гадовага езуіта, айца Хорхэ Марыа Берголіа дапаможным біскупам архідыяцэзіі Буэнас-Айрэс. Біскупскае пасвячэнне новы іерарх прыняў праз месяц, 27 чэрвеня з рук тагачаснага арцыбіскупа сталіцы, кардынала Антоніа Кварасіна. Яго біскупскі дэвіз гучыць: “Miserando atque eligendo” – Паглядзеў з міласэрнасцю і выбраў.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку