Святы Айцец адказаў на вострыя пытанні законніц

Papa_zakonnye sestryПапа правёў жывую размову з законніцамі з усяго свету. Яна адбылася 12 мая 2016 г. у Ватыкане падчас аўдыенцыя для больш чым 800 сясцёр, якія ўдзельнічалі ў пасяджэнні Міжнароднага аб’яднання генеральных настаяцельніц. Размова ў форме пытанне-адказ прайшла ў Зале Паўла VI. Пытанні былі падзелены на чатыры тэматычных блокі і датычылі спраў, якія законніцы лічаць найбольш актуальнымі і на якія чакаюць ясных адказаў.

Першае датычыла ўдзелу жанчын у працэсе прыняцця важных рашэнняў у Касцёле. Францішак прызнаў з самага пачатку, што на сённяшні дзень прысутнасць жанчын у гэтай сферы застаецца вельмі нязначнай. “Для мяне вельмі важная распрацоўка рашэння, а не толькі яго выкананне, і таму важна, каб жанчыны, ці кансэкраваныя, ці не, удзельнічалі ў працэсе роздуму і абмеркавання. Таму што жанчына глядзіць на свет сваімі вачыма, мы, мужчыны не можам глядзець такім жа чынам”, — падзяліўся сваім поглядам Святы Айцец.

Законніцы спыталі Папу, ці не маглі б яны прамаўляць гаміліі падчас Эўхарыстыі? Францішак заявіў, што няма ніякіх падстаў, каб жынчына, свецкая верніца або кансэкраваная, не магла б прапаведваць падчас Літургіі слова. Іншая справа св. Імша – тут гаворка ідзе пра літургічны і дагматычны парадак. Кожная Эўхарыстыя, хоць падзеленая на розныя фазы, з’яўляецца адной літургіяй, якую ўзначальвае Хрыстус ў асобе святара. І паколькі святарскага пасвячэння не ўдзяляецца жанчынам, яны не могуць прамаўляць гаміліі. Францішак дадаў, што тут сінуюць дзве спакусы, якіх варта асцерагацца: фемінізм і клерыкалізм. Роля жанчын у Касцёле вынікае не з першага, але з правоў чалавека ахрышчанага. Што тычыцца клерыкалізму, гэта грахоўнае стаўленне, бо палягае на імкненні святара кантраляваць свецкіх вернікаў, але і згодзе свецкіх вернікаў на гэта, таму што так больш камфортна.

У другім блоку пытанняў прагучаў запыт аб допуску жанчын да пастаяннага дыяканата на ўзор старажытнага Касцёла. Папа адзначыў, што роля так званых дыяканэс у раннім хрысціянстве не зусім зразумелая. “Я спытаюся ў Кангрэгацыі Веравучэння, ці былі праведзены даследаванні па гэтым пытанні, і даручу заснаваць афіцыйную камісію для яго вывучэння. Думаю, што Касцёл толькі выйграе ад высвятлення гэтага пытання”, — сказаў Святы Айцец.

На пытанне аб тым, як забяспечыць больш поўны ўдзел жанчын у жыцці Касцёла, Пантыфік сказаў, што законніцы павінны абавязкова ўдзельнічаць у пленарных пасяджэннях Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця. Ён асудзіў, аднак, “перакосы” ў служэнні некаторых законніц, калі, напрыклад, сёстры не клапоцяцца пра людзей, пра іх духоўныя патрэбы, але займаюцца плябаніяй.

На сустрэчы генеральных настаяцельніц з Папам гаворка ішла таксама пра змену рэгул кангрэгацый. Законніцы паскардзіліся, што часам яны адчуваюць сябе “замкнутымі” кананічным правам, і таму спыталі Пантыфіка, ці плануе ён нейкія змены. “Вядома, патрэбныя змены, але пасля агульнага вывучэння, якое адкрые нас на натхненне Святога Духа”, — сказаў ён і дадаў, што “кодэкс з’яўляецца дапамогай дысцыплінарнай, дапамогай у выратаванні душ”, і ў яго можна ўносіць змены. “Але я падкрэсліваю, ніколі не трэба ўносіць змены без ранейшага асабістага і агульнага вывучэння”, — адзначыў Францішак.

20-ае пленарнае пасяджэнне Міжнароднага аб’яднання генеральных настаяцельніц праходзіла ў Рыме 9-13 мая 2016 г. На ім абмеркавалі, у прыватнасці, спецыфіку жаночага кансэкраванага жыцця ў сучасным свеце і новыя выклікі, якія стаяць перад ім. Гаворка ішла таксама пра патрэбу большага шанавання ролі жанчын, у тым ліку законных сясцёр, праз касцёльную іерархію.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку