Святы Айцец адказаў на пытанні моладзі

У рамках першага дня перадсінадальнай сустрэчы моладзі, якая 19 сакавіка 2018 года распачалася ў Рыме, Папа Францішак адказаў на некаторыя пытанні ўдзельнікаў форума. Яны тычыліся барацьбы з прыніжэннем годнасці жанчын, распазнання паклікання, значэння святарскага сведчання і некаторых іншых тэмаў.

Першай да Папы звярнулася нігерыйская дзяўчына, якая спазнала досвед ахвяры гандляроў людзьмі. Яна спытала Святога Айца аб тым, як перамагчы ментальнасць, паводле якой жанчына лічыцца рэччу.

Адказваючы Папа нагадаў пра свой мінулагодні візіт у спецыяльны цэнтр дапамогі маладым жанчынам, якія вырваліся з няволі сучасных рабаўладальнікаў. Ён распавёў пра мноства розных сітуацый, у выніку якіх жанчыны трапляюць у рабства, а таксама аб насіллі і пакутах цэлых сем’яў.

Папа Францішак заўважыў, што ў Італіі 90% кліентаў прастытутак – гэта людзі, якія калісьці былі ахрышчаны. “Чалавек, які ходзіць да прастытутак – гэта злачынца”, — сказаў ён і заклікаў моладзь змагацца за годнасць жанчын. Пантыфік папрасіў аб прабачэнні за паводзіны католікаў, якія ставіліся да жанчын як да нявольніц.

Маладому няверуючаму і неахрышчанаму юнаку з Францыі, які пытаўся аб спосабах распазнання паклікання і ўласнага месца ў жыцці, Святы Айцец парэкамендаваў задаваць сабе глыбокія пытанні і раіцца з пажылымі людзьмі, бо ў адваротным выпадку можна прыйсці да абсалютнай нячуласці.

Пытанне аб значэнні святарскага сведчання Францішку задаў выпускнік Львоўскай грэка-каталіцкай духоўнай семінарыі. Папа адзначыў, што адной з галоўных праблем у Касцёле з’яўляецца клерыкалізм, калі вернікі знаходзяць у святары не айца, а князя, распарадчыка ці загадчыка. Пантыфік прызнаўся, што яго гэта вельмі засмучаюць такія небратэрскія адносіны духавенства да вернікаў і адзначыў важнасць сведчання Хрыстовай міласэрнасці.

Ватыканскае радыё

для друку для друку