Святой Імшой з удзелам папскага пасланніка завяршыліся ўрачыстасці ў Будславе

DSCF5169Некалькі тысяч вернікаў 2 ліпеня прыняло ўдзел у галоўнай святой Імшы ў Будславе, якую ўзначаліў папскі легат кардынал Крыстаф Шонбарн.

На ўваходзе ў святыню вернікі ў нацыянальным строі віталі папскага пасланніка караваем.

У сваёй прамове арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў словы радасці з той прычны, што Папа Францішак прыслаў кардынала Шонбарна на сёлетнія ўрачыстасці ў нашу краіну. На свяце аўстрыйскі іерарх перадаў усім католікам Беларусі найлепшыя пажаданні ад Святога Айца.

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі агучыў прысутным  ліст ад Папы Францішка і прывітальнае слова новага Апостальскага Нунцыя.

У казанні кардынал Шонбарн гаварыў пра сілу і моц сям’і, пра тое, што Марыя жадае прыйсці ў беларускія сем’і. Ён адзначыў, што сёлета ў Будславе ёсць добрая магчымасць быць сведкам моцнай веры беларусаў.

З нагоды юбілею 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай Мітраполіі напрыканцы Імшы з рук кардынала каля 30 прадстаўнікоў з розных дыяцэзій атрымала  ганаровыя граматы за вялікі асабісты ўклад у станаўленне і развіццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Урачыстасці ў Будславе завяршыліся эўхарыстычнай працэсіяй.

Ірына Грэйць, тэкст і фота

Зміцер Лупач, фота

для друку для друку