Святары знайшлі страчаны спеў да Маці Божай Бялыніцкай

2-5-235x300Душпастыр парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках кс. Андрэй Кеўліч адшукаў тэкст спеву ў гонар Маці Божай Бялыніцкай, датаваны 1761 годам. Знаходка стала чарговым вынікам пошукаў звестак аб страчанай беларускай святыні.

“Страчаны арыгінал абраза. Знішчаная святыня. Але наколькі была сапраўды вядомая Маці Божая ў Бялыніцкім абразе? Ці не лепей аб ёй забыцца і рабіць выгляд, што такога і не было ў нашай гісторыі?” – разважае святар, тлумачачы значнасць сваіх пошукаў.

«На старажытную песню, прысвечаную Маці Божай у Бялыніцкім абразе, я натрапіў, можна сказаць, выпадкова. Я цікаўлюся гісторыяй Касцёла ў Беларусі, асабліва на Магілёўшчыне, рыхтаваў артыкул пра санктуарый Маці Божай ў Бялынічах, дзе знаходзіўся цудатворны абраз. Бялынічы мелі такую славу, што мястэчка называлі “Беларускай Чанстаховай”. Удалося знайсці скан вельмі цікавага дакумента, які быў падрыхтаваны менавіта да моманту каранацыі Бялыніцкай іконы ў 1761 годзе папскімі каронамі – самага вялікага знаку прызнання славутасці і цудатворнасці абраза. У брашурцы знаходзяцца гістарычныя звесткі аб каталіцтве ў Бялынічах, апісанне некаторых цудаў. А напрыканцы знаходзіцца менавіта тэкст песні, якую спявалі на пачатак набажэнства перад іконай Маці Божай Бялыніцкай”, — апавядае святар пра сваю знаходку.

бялынічы

“Паколькі парафія ў Горках, дзе я выконваю пастырскае служэнне, мае тытул ў гонар менавіта Маці Божай Бялыніцкай, лічу што мы маем такі асаблівы падарунак на 10-годдзе аднаўленне Горацкай парафіі. Таму ў планах – адаптаваць тэкст на беларускую мову (арыгінал тэксту – польская мова)”, — дадае кс. Андрэй Кеўліч.

На наступны дзень пасля таго, як кс. Андрэй Кеўліч выклаў сваю знаходку ў сацсеціве, да пошукаў далучыўся пробашч Троіцкай парафіі з Друі кс. Сяргей Сурыновіч, які дапоўніў адкрыццё музыкай да спеву. Падказкай сталі некалькі словаў, змешчаныя непасрэдна перад тэкстам спеву — “Nota jak: Pokaż się być Matko”.

Ксёндз Сяргей вельмі хутка знайшоў, што “Pokaż się być Matkо” — гэта менавіта «Monstra Te esse Matrem». «Пасля я знайшоў звесткі, што менавіта гэты гімн манахі, якія апякуюцца Яснай Гарой, спяваюць у самыя важныя моманты манаскага жыцця. Ёсць нават асаблівыя малітвы з гэтым спевам”, — тлумачыць кс. Андрэй Кеўліч, дадаючы, што знаходка мае вялікае значэнне для жывога, а не “матэрыяльнага” ўшанавання беларускай святыні, якая раней была шанаванай не толькі беларускімі каталікамі, але і праваслаўнымі вернікамі.

“З Божай дапамогай мы хочам адаптаваць знойдзены тэкст на беларускую мову, – каб ён зноў гучаў у храме, просячы асаблівага заступніцтва Багародзіцы ў Бялыніцкім абразе”, — кажа святар.

krynica.info

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі